Андрэй Мельнікаў: «Калі катаванням даецца зялёнае святло, рана ці позна яны выходзяць з-пад кантролю»


Каля двухсот чалавек у жалобнай працэсіі – развітацца з Вітольдам Ашуркам сабраліся людзі не толькі з Гарадзеншчыны, але і з Менску ды іншых гарадоў Беларусі.

Труну з целам 50-гадовага палітвязня толькі праз пяць дзён пасля смерці прывезлі ў родную Бярозаўку са шклоўскай калоніі. Там Вітольд Ашурак адбываў пакаранне за нібыта «гвалт над міліцыянтам і арганізацыю дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Пяццю гадамі зняволення ў студзені актывіста пакараў Максім Філатаў з Лідскага раённага суда.

«Мы многа што рабілі разам – і помнікі, і крыжы ўсталёўвалі. Засталося многа працы, не ведаю, як гэта ўсё будзе без Вітольда», – кажа паплечнік Вітольда Ашурка Віталь Карабач.

Вітольд Ашурак загінуў у турме пры нявызначаных акалічнасцях 21-га траўня. Цела сваякам не аддавалі некалькі дзён, а ў пасведчанні пра смерць напісалі, што яе непасрэдная прычына высвятляецца. Сваякам паведамілі пра спыненне сэрца, хоць яны і адзначаюць што праблемаў са здароўем памерлы не меў.

Фота
У Бярозаўцы прайшло развітанне з Вітольдам Ашуркам
2021.05.26 14:29

«Што тычыцца версіі следчага камітэту, я выйду за яе межы, бо стаяў побач з труной і глядзеў. Вось я бачыў аблічча Рамана Бандарэнкі, калі яго хавалі… На Вітольдзе ўсё адкрытае цела, якое можна было бачыць, там былі паўсюль пашкоджанні», – адзначае бард Андрэй Мельнікаў.

Праводзіць экспертызу родныя не сталі, бо не давяраюць яе вынікам.

Напярэдадні Следчы камітэт апублікаваў відэа нібыта з камеры, дзе трымалі Вітольда Ашурка. На відэа бачна, што чалавек упаў і ўдарыўся галавой, але не зразумела ні хто гэты чалавек, ні чаму ён упаў, ні што было перад ці пасля гэтых кадраў.

«Я ўзгадваю словы з ліста Вітольда: «Не трэба мяне шкадаваць». І таму сёння ён сказаў бы: «Не шкадуйце, бо я ні аб чым не шкадую», – кажа Сяржук Чарняк, бард з Ліды, што прыехаў на пахаванне.

Hавiны
Не менш як 15. Чые смерці ў Беларусі звязаныя з задушэннем пратэстаў
2021.05.26 19:55

Гэта не першая спроба ўладаў даць сваю версію раптоўных смерцяў актывістаў, што пратэставалі супраць вынікаў выбараў. Так, пасля забойства Аляксандра Тарайкоўскага ў жніўні 2020 года прэс-служба Міністэрства ўнутраных справаў у сваім тэлеграм-канале паведаміла, што забіты сам сябе падарваў:

«Падчас супрацьстаяння са спецназам, які прыбыў для дэблакавання плошчы, адзін з пратэстоўцаў спрабаваў кінуць неўстаноўленую выбуховую прыладу ў бок праваахоўнікаў. Яна выбухнула ў руцэ, мужчына атрымаў траўмы, не сумяшчальныя з жыццём».

Шматлікія відэа моманту смерці Аляксандра Тарайкоўскага, размешчаныя ў сацсетках, цалкам абвяргаюць гэтую версію.

Гэтаксама пра Рамана Бандарэнку, якога перад смерцю збілі людзі ў масках, што зрывалі ў ягоным двары бел-чырвона-белыя стужкі, Следчы камітэт сказаў, цытата: «з прыкметамі алкагольнага ап’янення».

Доктара Арцёма Сарокіна, што зняпраўдзіў гэтую інфармацыю, і журналістку Кацярыну Барысевіч, што апублікавала звесткі, судзілі ў закрытым рэжыме за раскрыццё медычнай таямніцы.

Hавiны
«Сумленне было ягоным сцягам, які ён годна нёс праз жыццё». Пра Вітольда Ашурка распавядаюць сябры
2021.05.26 11:15

«Калі катаванням даецца зялёнае святло, то рана ці позна яны выходзяць з-пад кантролю», – падкрэслівае Андрэй Мельнікаў.

Гэтаксама як і Рамана Бандарэнку, Вітольда Ашурка праводзілі ўзнятымі ў знаку вікторыі рукамі. Пахавалі яго на гарадскіх могілках Бярозаўкі.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»