Бізнес-курс: задамавіцца ў балтыйскіх краінах


Што галоўнае ў бізнесе? Унікальная ідэя? Запатрабаваны прадукт? Не. Калі ваш бізнес пераязджае за мяжу, галоўнае, каб яму там далі магчымасць развівацца, каб пабачылі патэнцыял і сумленнасць вашай кампаніі. Сёння ў Вільні прайшоў ІІ Беларускі Бізнес-Форум. Пляцоўка яднала бізнес-дыяспару, паказвала мацнейшыя бакі беларускага бізнесу і спрыяла наладжванню кантактаў з інвестарамі ды ўладамі Літвы, Латвіі і Эстоніі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У Літоўскай транспартавай галіне Кожны другі кіроўца – беларус. Калі агулам, то каля 35-ці тысячаў перавознікаў з літоўскіх транспартавых кампаніяў – беларускія эмігранты. Нямала «нашых» таксама ў гастраноміі і галіне beauty, у гульнявым бізнесе. Бо наймацнейшы бок беларускага прадпрымальніцтва – гэта «айцішка», кажа старшыня Рады Літоўскай канфедэрацыі бізнесу Андрус Раманоўскіс.

«Беларускі бізнес у Літве мае імідж такога прагрэсіўнага з ІТ і звязанага з лічбаваю эканомікаю бізнесу. То бок такі пазітыўны імідж ёсць».

Літоўская канфедэрацыя бізнесу – сярод удзельніц Другога Беларускага Бізнес-Форуму, што арганізавала ў Вільні Асацыяцыя Беларускага Бізнесу за мяжой (ABBA). Адная з мэтаў – прадставіць замежнікам прадстаўнікоў сумленных беларускіх кампаніяў.

«У нашай асацыяцыі распрацаваная сістэма акрэдытацыі. Па сутнасці, гэта так званы зялёны спіс кампаніяў, з якімі можна і трэба працаваць, бо гэта выгадна абодвум бакам», – лічыць прэзідэнт ABBA Яўген Буры.

Ацаніць патэнцыял беларускага бізнесу і знайсці партнёраў сярод беларусаў змаглі запрошаныя прадстаўнікі бізнес-асацыяцыяў і ўрадавых арганізыцыяў, Еўрапейскага банку рэканструкцыі і развіцця (а гэта крэдытаванне), інвестыцыйных і фінансавых установаў. Сярод гасцей – віцэ-міністр эканомікі Літвы.

«Мы бачым вялікі ўплыў беларускіх кампаніяў, якія з 2020-га года рэлакаваліся і рэлакуюцца ў Літву. У нас у “Wildness”– больш за 5000 высокакваліфікаваных работнікаў, што ўяўляе таксама вялікі эканамічны ўплыў, ключавую ролю ў выплаце падаткаў у ІТ-сектары», – кажа намеснік міністра эканомікі і інавацыяў Літвы Караліс Жамайціс.

Летась € 85,8 мільёнаў беларусы пакінулі ў бюджэце Літвы. У тым жа 2022-ім годзе краіна выдала агулам больш чым 45 тысяч «працоўных» візаў, 45 % з іх – беларусам. То бок дваццаці з паловаю тысячам асобаў! Паводле статыстыкі групы «Invest Lithuania» з 2020 году да сёння ў Літву рэлакаваліся 42 беларускія бізнес-праекты, праз якія працаўладкаваныя 4092 асобы. Звернем увагу, што колькасць рэлакаваных фірмаў штогод расце. Нягледзячы на некаторыя складанасці ў атрыманні візаў і іншыя.

«Праблема нумар два – гэта ўсё што звязанае з банкамі. Але не канкрэтна банкаўскія рахункі а фінансавыя інструменты, якія хаваюцца за гэтым. Гэта абслугоўванне плацяжоў, гэта плацежныя тэрміналы і ў тым ліку крэдыты», – распавёў віцэ-прэзідэнт ABBA Серж Наўродскі.

Праз пуцінска-лікашэнкаўскую палітыку ў дачыненні Украіны беларусам у замежжы даводзіцца змагацца за жыццё без абумоўленых палітычна абмежаванняў. У нашых спецыялістах балтыйскія краіны зацікаўленыя. Найбольшы патэнцыял для рэлакантаў усцяж мае Польшча. А Літва, Латвія і Эстонія разам – ужо амаль дацягнуліся да паловы польскага патэнцыялу. Аб’яднаная Еўропа гэтаму спрыяе. Сённяшні форум прайшоў пры фінансавым падтрыманні Еўразвязу і Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID).

Юлія Цяльпук, «Белсат»