Міністр абароны Нямеччыны: Мы пастанавілі падтрымаць Украіну зенітнымі ракетнымі сістэмамі «Гепард»


Расейскія войскі нанеслі некалькі ўдараў па аб‘ектах інфраструктуры Украіны. Гэтак, у Данецкай вобласці пад абстрэл трапілі чыгуначныя злучэнні, якія забяспечваюць дастаўку грузаў для ўкраінскай групоўкі войскаў. Акупанты адкрыта кажуць пра імкненне знішчаць любыя шляхі дастаўкі дапамогі Збройным сілам Украіны.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Гэтакую заяву зрабіў Сяргей Лаўроў:

«Канечне ж, гэтыя ўзбраенні будуць законнаю цэллю для УС РФ. І склады, у тым ліку ў заходняй Украіне, ужо не аднойчы былі такою цэллю. А як інакш? Калі NАТО ўступае ў вайну супраць Расеі праз проксі і ўзбройвае гэтага проксі: ну, на вайне як на вайне».

Таксама расейцы нанеслі ракетны ўдар па чыгуначным мосце праз Днястроўскі ліман у раёне Затокі. Мост мае стратэгічнае значэнне – ён звязвае паўднёвую частку Адэскай вобласці з астатняю тэрыторыяй Украіны. У выпадку разбурэння маста адзінаю магчымасцю праехаць будзе шлях праз тэрыторыю Малдовы.

Тым часам у Нямеччыне на вайсковай базе Рамштайн сустрэліся міністры абароны з больш як сарака дзяржаваў – партнёраў Украіны, у тым ліку краінаў НАТО. Міністр абароны ЗША заявіў, што верыць у перамогу Украіны ў вайне супраць Расеі:

«Стаўка выходзіць за межы Украіны і нават за Еўропу. Расейскае ўварванне беспадстаўнае, неабдуманае і беззаконнае. Гэта абраза міжнароднага парадку, заснаванага на правілах, гэта выклік свабодным людзям паўсюль. Як мы бачым, народы добрай волі з усяго свету адзіныя ў сваім рашучым падтрыманні Украіны ў яе барацьбе супраць імперскай агрэсіі Расеі. І так павінна быць».

Ва Украіну ўжо дастаўленыя 18 амерыканскіх самаходных артылерыйскіх установак эМ-777, а 50 жаўнераў прайшлі курс навучання карыстацца імі. Ужо хутка ўкраінцы атрымаюць яшчэ 80 такіх гарматаў, а да таго ж чарговую партыю зенітна-ракетных комплексаў «Стынґер» і супрацьтанкавых комплексаў «Джэвэлін». Сродкі супрацьпаветранай абароны перадасць Украіне і Нямеччына.

«Учора мы пастанавілі падтрымаць Украіну зенітнымі ракетнымі сістэмамі “Гепард”. Гэта якраз тое, што трэба Украіне, каб абараніць сваю паветраную прастору з зямлі» – заявіла міністр абароны Нямеччыны Хрыстынэ Ламбрэхт.

У дадатак сваю дапамогу Украіне павялічыць Японія – як гуманітарную, гэтак і вайсковую – кажа прэм‘ер Фуміё Кісіда:

«Мы павялічылі фінансавую дапамогу са ста мільёнаў долараў да трохсот мільёнаў долараў, а таксама перадалі абсталяванне ад сілаў самаабароны, у тым ліку ахоўныя маскі і невялікія беспілотнікі. Я таксама сказаў, што мы зробім дадатковыя пастаўкі харчоў і лекаў».

Працягне ісці і беспасярэдне фінансавае падтрыманне Кіева. Гэтак, Міжнародны валютны фонд стварыў адмысловы рахунак для дапамогі Украіне. Прэм’ер-міністр Дзяніс Шмыгаль заявіў: эМ-Вэ-эФ і Сусветны банк пагадзіліся з тым, што краіне трэба 5 мільярдаў долараў штомесяц.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат»