Чым сёння можа пагражаць Чарнобыльская АЭС?


36 гадоў мінула з дня аварыі на Чарнобыльскай АЭС, небяспека застаецца дасюль. Пад падвойным саркафагам – чацвёрты корпус рэактара, дзе ўсцяж трываюць радыеактыўныя працэсы. Месціцца ў зоне адчужэння і дзясятак прадпрыемстваў. У тым ліку – для перапрацоўвання цвёрдых радыеактыўных адкідаў, сховішчы адпрацаванага ядравага паліва.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«10-кіламетровая зона вакол ЧАЭС – гэта небяспечная зона з пункту гледжання радыяцыйных палёў, там прафесійнае апраменьванне да пяці мікразівертаў – сярэднегадавая эфектыўная зона апраменьвання», – кажа экспертка ў атамнай энергетыцы Вольга Кашарная.

26-га красавіка 1986-га на чацвёртым энергаблоку Чарнобыльскай АЭС адбыўся магутны выбух. У выніку разбурэння рэактара ў паветра трапіла велізарная колькасць радыеактыўных рэчываў. Доза радыяцыі аказалася смяротнаю для працаўнікоў заводу і для ліквідатараў. Вецер разнёс смяротна небяспечныя рэчывы на сотні кіламетраў. Больш за 70 адсоткаў радыенуклідаў асела на тэрыторыі Беларусі.

«Няма ніякіх спосабаў, каб падчас якіх-небудзь дзеянняў, што здарыліся сёлета, як вайна ва Украіне, гэтыя аб’екты былі абароненыя і не прывялі да чарговых катастрофаў. Сёлета Чарнобыль-22 – гэта новы віток чарнобыльскай праблемы, новы віток праблемаў атамных станцыяў», – мяркуе эколаг Ірына Сухій.

У 10-цікіламетровай зоне вакол Чарнобыльскай электрастанцыі ўзровень радыяцыі перавышае норму ў 10 разоў. На зямлю, забруджаную радыенуклідамі ды ізатопамі прыбылі расейскія акупанты. 24-га лютага калона расейскіх танкаў акружыла Чарнобыльскую АЭС. Побач з небяспечным абʼектам вайскоўцы былі 36 дзён.

«Не ведаю, якую ваду яны там пілі, нямытымі рукамі, усё павышае рызыку патрапіць у арганізм радыенуклідаў доўгажывучых, якія альфа-выпраменьвальнікі. Гэта можа мець доўгатэрміновыя наступствы для здароўя. Сказаць, колькі ім засталося жыць, складана», – распавядае экспертка ў атамнай энергетыцы Вольга Кашарная.

«У нас існавала сістэма радыелагічнага маніторынгу па ўсёй зоне адчужэння на базе сэнсараў, якія перадавалі інфармацыю на цэнтральны вузел, сервер, з адпаведным праграмным забеспячэннем, пасля апрацоўвання гэтая інфармацыя публікавалася на адкрытым уэб-сайце, з якога можна было атрымліваць інфармацыю пра радыелагічны стан усёй зоны. Сервер скралі», – кажа намеснік старшыні Дзяржаўнага агенцтва Украіны па кіраванні зонай адчужэння Максім Шаўчук.

Пра анамальна высокі ўзровень радыяцыі пасля расейскіх вайскоўцаў з Чарнобыльскай АЭС заявіў генеральны дырэктар МАГАТЭ Рафаэль Гросі. Місія Міжнароднага агенцтва атамнай энергетыкі сёння наведала абʼект і перадала Украіне абсталяванне, неабходнае для аднаўлення онлайн-маніторынгу. Правесці дакладную і поўную дозаметрычную выведку станецца магчымым толькі пасля ачысткі мясцовасці: акупанты замініравалі тэрыторыю перад сыходам.

Юлія Лабанава, «Белсат»