Куды зніклі ільготы чарнобыльцаў?


Буда-Кашалёва – адзін з населеных пунктаў на Гомельшчыне, радыяцыйна забруджаных пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Валянціна Фёдараўна пражыла тут усё сваё жыццё. Амаль 40 гадоў адпрацавала педыятрам-эндакрынолагам. Жанчына цвёрда вырашыла, што з’ехаць з роднага гораду проста не мае права.

«Заўсёды не хапала лекараў. І пасля катастрофы некалькі педыятраў з’ехалі. А я думала, што будзе з гэтымі дзецьмі, якія ўжо прыехалі з забруджаных тэрыторый, і якія тут жывуць! Хто будзе з імі працаваць?», – кажа Валянціна Смольнікава.

Але проста працаваць доктаркаю для спадарыні Валянціны здалося не дастатковым. Дзяржаўных ільготаў для паўнавартаснага аздараўлення дзяцей у раёне заўсёды не хапала. Жанчына разам з іншымі актывістамі заснавала дабрачынную арганізацыю. Дзякуючы іхнай працы і дапамозе замежных партнёраў штогод на аздараўленне за мяжу з чарнобыльскай зоны з’язджаюць у адпачынак сотні дзяцей.

«Атрымалася вось такая салідарнасць людзей з усяго свету. Гэта літаральна ад Японіі да Амерыкі. Многія краіны сталі запрашаць беларускіх дзяцей і прадстаўляць ім аздараўленне», – кажа кіраўніца ГДА «Дапаможам Дзецям Чарнобылю».

Льготы для жыхароў радыеактыўнай зоны сталі прыпыняць з 95-га года. Спачатку чарнобыльцы пазбавіліся безадсоткавых крэдытаў, потым датацыяў на перасяленне, а пазней бясплатных лекаў, праезду ў транспарце і зніжак на камунальныя паслугі. Зрэшты, разам з ільготамі скарачаецца і сама чарнобыльская зона.

Спіс зонаў радыеактыўнага забруджвання ўлады пераглядаюць раз на пяць гадоў. І кожны раз гэты спіс скарачаецца. У лютым гэтага года вёска Пыцькаўка страціла статус «забруджанай». Разам з ёй нібыта чыстымі зрабіліся яшчэ 170 населеных пунктаў.

Выключэнне гарадоў і вёсак з «бруднага спісу» ў першую чаргу звязанае з завяршэннем перыяду паўраспаду цэзію і стронцыю – самых распаўсюджаных радыенуклідаў. Аднак цалкам чыстай забруджаная імі зямля будзе лічыцца пасля таго, як міне 10 перыядаў паўраспаду, сцвярджае фізік-ядравік Вольга Кашарная. Апроч цэзію і стронцыю ёсць яшчэ і плутоній, перыяд паўраспаду якога перавышае 6,5 тысячаў гадоў.

«Небяспека плутонію заключаецца ў тым, што пры траплянні ўнутр арганізма чалавека, ён вельмі таксічны. І паколькі вылучаюцца вось гэтыя альфа-часціцы, яны руйнуюць клеткі арганізма», – сцвярджае эксперт асацыяцыі «Украінскі ядравы форум» Вольга Кашарная.

Разам з населенымі пунктамі статус «забруджаных» губляюць і прылеглыя да іх сельскагаспадарчыя палі. Ва Украіне гэтыя землі рэабілітуюць асцярожна – за ўвесь час вярнулі ў эксплуатацыю каля шасці тысяч гектараў для вырошчвання тэхнічных культур. У Беларусі – больш за 17 тысяч гектараў, на якіх пасвяць у тым ліку свойскую жывёлу. Таму культуры, вырашчаныя на зямлі, вернутай у выкарыстанне, маюць праходзіць абавязковы радыяцыйны кантроль. Асаблівых правілаў прытрымліваюцца і жыхары на сваіх падворках.

«Абавязкова мыць гародніну перад тым, як іх чысціць. Абавязкова. Абавязкова вымочваць мяса. Першую ваду пасля закіпання і ад мяса, і ад гародніны, мы зліваем. Мы яе не выкарыстоўваем. Вядома, прадукт атрымліваецца ўжо не такі смачны, але затое гэта больш бяспечна», – папярэджвае жыхарка Буда-Кашалёва Валянціна Смольнікава.

Сёння на вернутых ва ўжыванне забруджаных пасля чарнобыльскай катастрофы тэрыторыях пражываюць больш за сто тысячаў чалавек. 22 тысячы з іх – гэта дзеці.

Міхаіл Прановіч, «Белсат»