150 джыпаў з кулямётамі – на палац Лукашэнкі. Што кажуць аналітыкі?


Працяг гісторыі пра замах з пераваротам ад Аляксандра Лукашэнкі. У Крамлі заявілі, што іх, расейскія спецслужбы маюць усе неабходныя доказы змовы супраць Лукашэнкі. А працаўнікі дзяржаўнага тэлеканалу ОНТ выпусцілі новы 6-хвілінны сюжэт, у якім раскрылі сенсацыйныя падрабязнасці няўдалага плану. Распавялі і пра 150 пікапаў з буйнакалібернымі кулямётамі, якія нібыта мусілі штурмаваць палац.

Амаль шэсць хвілінаў пад лагатыпам «антыфэйк» і адразу тры сенсацыі. Першая – прызнанне Юрыя Зянковіча, Рыгора Кастусёва і Аляксандра Фядуты ва ўдзеле ў рыхтаванні дзяржаўнага перавароту.

«Мы бачым запіс, дзе словы з аднаго боку вырваныя з кантэксту, з другога боку бясспрэчна, што людзі ў кадры кажуць, што яны прызнаюцца ў злачынстве. Я не магу рабіць ніякіх высноваў з гэтага, проста бачна той кавалак інфармацыі, які нам далі», – адзначае медыяэксперт і палітычны аглядальнік Паўлюк Быкоўскі.

На кадрах са схаванай камеры ў маскоўскім рэстаране Аляксандр Фядута і Юрый Зянковіч выкладаюць план захопу ўлады. Сам Лукашэнка ў сюжэце прызнаецца, што забіць яго на парадзе – а менавіта такія планы змоўнікаў агучылі КДБ і ФСБ – немагчыма. Між тым былы кіраўнік ваеннай контрвыведкі, гісторык Станіслаў Князеў выдаў яшчэ больш сенсацыйную версію. Нібыта з боку Літвы рыхтаваўся прарыў 150 джыпаў з буйнакалібернымі кулямётамі, якія калісьці ганяліся за лівійскім дыктатарам Муамарам Кадафі.

«Яшчэ ў жніўні-верасні мінулага года сам Лукашэнка казаў аб тым, што Польшча збіраецца пачаць вайну з Беларуссю, забраць у Беларусі Гарадзенскую вобласць. Тут нічога новага няма. Гэта стандартны набор абвінавачванняў у адрас усіх праціўнікаў. А тут гэтыя абвінавачванні даведзеныя да поўнага абсурду», – упэўнены палітолаг Валер Карбалевіч.

Нарэшце, апошняя сенсацыя – новыя кадры сустрэчы Лукашэнкі з камандай Віктара Бабарыкі і Сяргеем Ціханоўскім у СІЗА КДБ. На іх Ціханоўскі згадвае пра малодшага сына Лукашэнкі – Мікалая.

«Мне падаецца, што гутарка сапраўды была. Іншае пытанне, што сапраўды складана зразумець у такой хаатычнай інфармацыйнай плыні, навошта гэта кажацца», – адзначае медыяэксперт і палітычны аглядальнік Паўлюк Быкоўскі.

Сацыяльныя сеткі адрэагавалі на сюжэт ОНТ шквалам гумару і мэмаў. На гэтым тыдні тэлеканал плануе паказаць новы фільм пад назвай «Забіць прэзідэнта», у якім абяцае паказаць шмат важнага, цікавага і шакавальнага.

Ігар Станкевіч, «Белсат»