За «Казюкі» – 15 содняў. Польшча патрабуе спынення пераследу палякаў у Беларусі


Старшыню Саюзу палякаў у Беларусі Анджэліку Борыс пакаралі за правядзенне шостага сакавіка традыцыйнага кірмашу рамёстваў «Гарадзенскія Казюкі».

Анджэліку Борыс затрымалі напярэдадні. Міністэрства замежных справаў Польшчы выказала сваю нязгоду ды выклікала дарадцу-пасланніка беларускай амбасады Аляксандра Часноўскага.

«Белсат»: «Спадар Аляксандр, скажыце, пра што была размова зараз?»

Аляксандр Часноўскі: «У мяне няма каментароў».

Пракаментавала візіт Часноўскага МЗС Польшчы: прадстаўнік беларускай дыпламатыі атрымаў недвухсэнсоўнае паведамленне пра тое, што дзеянні ўладаў нашай краіны супярэчаць міжнародным абавязкам Беларусі па абароне нацыянальных меншасцяў.

Міністэрства замежных справаў Польшчы:

«Дзейнасць Саюзу палякаў у Беларусі палягае ў захаванні польскае культуры і традыцыяў, падтрыманні польскае адукацыі ды вывучэнні польскае мовы. Арышт абранай некалькі дзён таму яшчэ на адзін тэрмін Анджэлікі Борыс раўназначны выцісканню польскасці і б’е не толькі па добрых дачыненнях з Польшчаю, але і па беларускім традыцыйным мультыкультуралізме. Мы заклікаем як мага хутчэй вызваліць старшыню Саюзу палякаў у Беларусі ды спыніць пераслед прадстаўнікоў польскае меншасці».

12 дзён за кратамі за правядзенне імпрэзы на гістарычную тэму застаецца дырэктарка Польскай школы ў Берасці Ганна Панішава. Тройчы судзілі ды давалі буйныя штрафы і старшыні лідскага аддзелу Саюзу палякаў у Беларусі Ірэне Бярнацкай:

«Гэта адбываецца таму, што польская меншасць тут актыўная, і польская меншасць салідарная з беларускім народам і гэтага не хавае».

Палітолаг Сяргей Нікалюк упэўнены, што бліжэйшым часам палітыка беларускіх уладаў не зменіцца, а ў Польшчы няма ніякіх рычагоў уплыву на афіцыйны Менск:

«Нашая ўлада ўвайшла ў такі рэжым, што ўжо не можа спыніцца. І ўсё, што яна ўспрымае як чужое, калі ёй проста здаецца, што ёй супраціўляюцца, яна будзе імкнуцца гэта знішчыць».

«Белсат»: «Беларуская дыпламатыя амаль свядома ідзе на пагаршэнне стасункаў з Польшчай. Калі скончыцца гэтая дыпламатычная вайна?»

Аляксандр Часноўскі: «Я не магу зараз даваць ніякіх каментароў».Сяргей Нікалюк перакананы што і палітычныя і эканамічныя зносіны паміж нашымі краінамі будуць згортвацца:«Беларуская ўлада, як і расейская, зрэшты, канчаткова зразумела, што тая імітацыйная палітыка, якую яна праводзіла больш за 20 гадоў, не прыносіць дывідэндаў. Ад яе адны праблемы. Яна пачала называць рэчы сваімі імёнамі. Беларуская ўлада, як і расейская, спрабуе закрыцца сама ў сабе. І таму ёй тое, што пра яе думаюць на Захадзе, нават на самым версе, ужо абыякава».

Дзеянні уладаў Беларусі падтрымліваюць камуністы і ветэраны сілавых структураў, пікетуючы Генеральнае консульства Польшчы ў Горадні.

Вольга Старасціна, «Белсат»