«Я ўпэўнены, што эксперты нават не бралі ў рукі гэтай кнігі». Кнігу «Беларускі Данбас» прызналі экстрэмісцкай


Праўда па-за законам. Кнігу «Беларускі Данбас» аўтарства нашых калегаў Кацярыны Андрэевай і Ігара Ілляша фактычна забаранілі на тэрыторыі нашае краіны.

Суд Кастрычніцкага раёну Менску прызнаў кнігу Кацярыны Андрэевай і Ігара Ілляша «Беларускі Данбас» экстрэмісцкай. Суддзя Вольга Біруля пабачыла ў кнізе «распальванне варажнечы, дэманстрацыю нацысцкай сімволікі і матэрыялы ў выбуховай справе, што могуць быць скарыстаныя для падрыхтоўкі тэрактаў». Што праўда, ніякіх аргументаў ці прыкладаў гэтых парушэнняў суд у сваім рашэнні не прывёў…

«Я ўсё ж чакаў, што ў матэрыялах справы будзе экспертыза цалкам і нейкія хаця б аргументы. Хай маніпуляцыйныя, хай беспадстаўныя. Кніга экстрэмісцкая, таму што… Дык вось, гэтага «таму што» не было ў матэрыялах справы. І гэта суддзю не зацікавіла. Яна проста зацвердзіла вынікі экспертызы, якія нічым не падмацоўваюцца», – кажа Ігар Ільяш.

Больш за тое, у матэрыялах справы аб прызнанні кнігі экстрэмісцкай адсутнічала… сама кніга.

«Суддзя адмовілася далучыць гэтую кнігу да матэрыялаў справы! То бок, гэта завочнае рашэнне аб кнізе, пра якую ніхто нічога не ведае! Больш за тое, я ўпэўнены, што эксперты, якія падпісалі гэтае заключэнне, яны нават не чыталі, не бралі ў рукі гэтай кнігі, бо інакш яны не напісалі б такі абсурд!», – працягвае Ігар.

Летась у снежні два экзэмпляры кнігі «Беларускі Данбас» былі сканфіскаваныя падчас узмоцненага дагляду ў аэрапорце ў журналіста Рамана Васюковіча. Ён вяртаўся з Кіева ў Менск. Кнігі накіравалі на экспертызу, а самога Рамана 19-га сакавіка судзілі за распаўсюд экстрэмісцкай літаратуры. Справу тады накіравалі на дапрацоўванне.

«Я сёння даведаўся, што, магчыма, на наступным тыдні мяне чакае яшчэ адзін судовы працэс. Адміністратыўны працэс за нібыта распаўсюд той прадукцыі, якую суд сёння прызнаў экстрэмісцкай. За тое, што я яе ўвёз і нібыта хацеў распаўсюдзіць. Чакаю на суд», – распавёў Раман Васюковіч.

Кнігу «Беларускі Данбас» Ігар Ілляш і Кацярына Андрэева выдалі ў Кіеве.

За чатыры гады працы над кнігаю яны правялі дзясяткі інтэрв’ю, расследаванняў і рэпартажаў. Асноўнай тэмай і галоўнымі героямі – сталі беларусы і беларускі след на вайне ва Украіне. Праца журналістаў дазволіла па-новаму паглядзець на ўяўны нейтралітэт і міратворчасць беларускай дзяржавы ва ўкраінскім канфлікце.

«Мы паказваем у гэтай кнізе, што гэта ўсё была хлусня і міф. Бо беларуская дзяржава ўвесь гэты час была верным хаўруснікам пуцінскай Расеі. У тым ліку і дзеянні спецслужбаў, якія, можна сказаць, дапамагалі баевікам. Дазвалялі ім прыязджаць сюды. Адпачываць. Мяняць пашпарты і зноў вяртацца забіваць украінцаў», – распавядае Ігар Ілляш.

Шмат увагі ў кнізе прысвечана і асобе Аляксандра Лукашэнкі, які разам з сынам Віктарам занесены ва ўкраінскую базу асобаў, што пагражаюць нацыянальнай бяспецы Украіны «Міратворац» – як «памагаты прарасейскіх тэрарыстаў і расейскіх захопнікаў».

Алесь Баразенка, Белсат.