Саюзная дзяржава. Як у Расеі пераследуюць беларусаў за палітычныя погляды

Дзевяць содняў арышту для беларуса – за нібыта арганізацыю акцыі ў падтрымку Аляксея Навальнага. Доказам віны сталася відэа, у якім беларусы патрабуюць вызваліць палітыка. Сам Уладзімір сцвярджае, што на акцыі яго не было.

«Мне паказалі фатаграфію скрыншоту і сказалі: чалавек пад нумарам восем у масцы і шапцы – гэта ты. Я кажу: гэта не я, я гатовы на паліграфе адказаць», – распавядае прадстаўнік зямляцтва Пецярбургу Уладзімір Драгун.

Ад двух да сямі содняў арышту за гэта ж відэа атрымалі яшчэ пяцёра беларусаў. Тыя з іх, хто не мае расейскага грамадзянства, могуць быць экстрадыраваныя ў Беларусь. Экстрадыцыя пагражае і тым, хто прыехаў у Расею па палітычны прытулак. Цяпер працэдуры чакае беларус Сяргей Непагода. На радзіме на яго завялі крымінальную справу за гвалт у дачыненні міліцыянта. Андрэй Прылуцкі ж, удзельнік стачкаму «Беларуськалію», больш за тры месяцы ў расейскім СІЗА. Затрымалі яго ў Санкт-Пецярбургу.

«У еўрапейскіх краінах беларусам практычна без праблем даюць прытулак – ёсць шматлікія сведчанні міжнародных праваабарончых арганізацыяў… На жаль, пакуль у Расеі дзяржаўныя органы не разглядаюць усё гэта, як важкія падставы для давання прытулку беларусам», – кажа адвакат Андрэй Федаркоў.

Мікалая Давідчыка, стваральніка зачыненай групы-чату «Лида для жизни» арыштавалі за арганізацыю дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак. Ён пры гэтым жыве ў Расеі ўжо 20 гадоў. Руслану ж Хазіну сілавікі пагражалі крымінальнаю справай, пасля таго, як беларусам забаранілі акцыі пад амбасадай, а яны ладзілі іх у іншых месцах. Мужчына быў вымушаны з’ехаць з Расеі.

«Яны палічылі, што я арганізатар гэтых нашых пецярбургскіх акцыяў, і праз мяне паспрабавалі ўплываць – каб я перадаў землякам, што мы не павінны збірацца больш са сцягамі», – лічыць прадстаўнік зямляцтва Пецярбургу Руслан Хазін.

Як найбліжэйшы саюзнік Беларусі, Расея падтрымлівае палітыку Лукашэнкі. Таму праваабаронцы і адвакаты ўпэўненыя, што Расея больш не ёсць месцам, небяспечным для беларусаў, якія спазналі палітычны пераслед.

Юлія Шалгаліева, Юлія Лабанава, Надзея Бельская, «Белсат»

Глядзі таксама