Маштабная выстава актуальнага беларускага мастацтва «Кожны дзень» адкрылася ў Кіеве


У Кіеве адкрылася маштабная выстава сучаснага беларускага мастацтва пад назвай «Кожны дзень. Мастацтва. Салідарнасць. Супраціў», прысвечаная пратэстам беларусаў супраць фальсіфікацыі выбараў і міліцэйскага гвалту.

Працы больш як васьмі дзясяткаў мастакоў размясціліся ў Мастацкі арсенале. Наш тэлеканал выступіў медыяпартнёрам праекту.

Відэа, на якім дзяўчына ў бел-чырвона-белай вопратцы крычыць пасярод вуліцы ў Варшаве, і тачка з гноем, у якім ляжыць наколаты на вілы плакат з выяваю Лукашэнкі, – выставачныя работы ў Мастацкім арсенале ў Кіеве. І гэта толькі частка экспазіцыі.

«Назва – «Fight like a girl», «Змагайся, як дзяўчынка». Гэта мурал, ён зроблены з невялікага малюнка», – распавядае Алена.

Мурал, прысвечаны пратэстоўкам, – гэта праца мастачкі родам з Беларусі Алены Давідовіч. Каб яе зрабіць і прэзентаваць, яна прыляцела ў Кіеў з Амстэрдаму, дзе цяпер жыве.

«У 2020 годзе, калі ў нас пайшоў такі рух, часта ў маіх працах несвядома становяцца героямі жанчыны», – кажа Алена.

У канцы выставачнай залы – праца мастака Юрыя Шуста: аўтамабіль без нумароў, са спушчанымі шынамі і сасновымі галінкамі. Пад ім – соль, напамін пра засыпаны камунальнікамі надпіс «Не забудзем» на месцы смерці Тарайкоўскага. На сцяне побач – відэа: падлеткі ходзяць па лесе. Лес – сімвал свабоды, а машына…

«Адсылка да аўтамабіляў без нумароў, без апазнавальных знакаў, якія выкрадаюць людзей з вуліцаў да гэтага часу», – тлумачыць Юрый.

Выстава сучаснага беларускага мастацтва «Кожны дзень» займае чатыры тысячы квадратных метраў. Экспанаваныя працы больш як 80 мастакоў, якія жывуць у Беларусі і за яе межамі. У творах – адлюстраванне падзеяў на радзіме.

«Так ці інакш усе працы звязаныя з пратэстам. Частка работ – гэта рэакцыя на сённяшнюю сітуацыю ў Беларусі. Частка створаная раней, і яны пра чалавека, пратэст, пра дэмакратыю, пра волю чалавека», – гаворыць намесніца дырэктара ў выставачнай і музейнай працы Мастацкага арсеналу Юлія Ваганава.

«Мы адбіралі мастакоў, якія, на наш погляд, найбольш востра адчуваюць гэты момант. Гэта ўсе мастакі, якія працуюць з актуальнымі медыямі, вельмі шмат вы бачыце і відэа, і інсталяцыі, і скульптураў у нетрадыцыйным сэнсе. І жывапіс тут таксама існуе, які ломіць гэты стэрэатып пра кансерватыўныя, акадэмічныя, банальныя погляды», – кажа куратар выставы «Кожны дзень. Мастацтва. Салідарнасць. Супраціў» Андрэй Дурэйка.

Для гледачоў выставу адкрыюць пасля заканчэння ва Украіне каранціну. Тым часам каманда праекту распрацоўвае онлайн-праграму – 3D-тур па выставе і аўдыягід на трох мовах – беларускай, украінскай і англійскай, каб сучаснае беларускае мастацтва змаглі ўбачыць як мага больш наведнікаў.

Анастасія Русецкая, Марына Ступак і Максім Вайціцкі, «Белсат»