Мінабароны Украіны: колькасць забітых расейскіх вайскоўцаў набліжаецца да трох тысячаў

Другі дзень вайны ў Кіеве пачаўся з абстрэлаў і выбухаў. Кіяўлянка Аксана Гуленка распавядае, што прачнулася ад выбуху, які выкінуў яе з ложка.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Паднялася, пабачыла, што ўсё разбітае, шкло пабітае. Пачала па кватэры хадзіць, хутка сабрала рэчы, дакументы, што з вечара падрыхтавала, і выскачыла на вуліцу. Пакуль мяне не было 2–3 гадзіны, прыходжу – а ў мяне ломам адкрытыя агульныя дзверы, кватэра адкрытая. Відаць, хадзілі, пажарныя ці паліцыя, адкрывалі кватэры, шукалі пацярпелых, я так разумею», – кажа Аксана Гуленка.

Цягам дня ў сталіцы Украіны ішлі абстрэлы ды баі, людзі хаваліся на станцыях метро, у сутарэннях і сховішчах.

«Мы прачнуліся ад выбуху ў 4:20, каля нашага дому збілі паветраную ракету, загарэўся побач будынак, шмат ахвяраў было», – распавядае жыхарка Кіеву Алена Ткачэнка.

Шмат хто спрабаваў выехаць з гораду чыгункай, на вакзалах – цісканіна.

«Цэлы дзень спрабуем з ранку. Але, як бачыце, тут нерэальна, машыны не едуць, нас шмат, сабака, не ўлазім, вяртаемся назад».

«Мы хочам дадому, мы з Тэрнопальскай вобласці, мы хочам да родных», – кажуць уцекачы.

Цягам дня сірэны гучалі таксама ў Львове і Чарнігаве, паведамлялася пра абстрэлы Адэсы ды іншых гарадоў. Паводле Міністэрства ўнутраных справаў Украіны, на 12-ю гадзіну дня Расея абстраляла прынамсі 33 цывільныя мішэні.

«На гэтую хвіліну ўжо зафіксавалі 412 абстрэлаў з пачатку баявых дзеянняў. Яшчэ раз хачу падкрэсліць, што за гэтыя содні загінулі, на жаль, двое дзяцей. Расейскія акупанты сваёй агрэсіяй забілі дваіх ні ў чым не вінаватых дзяцей», – кажа прэс-сакратар МУС Украіны Вадзім Дэнысэнка.

Апроч кіеўскага кірунку баі адбываюцца на поўдні Украіны, дзе з боку Крыму расейцы спрабуюць захапіць украінскія гарады.
Звесткі пра ахвяры ды страты ў тэхніцы моцна розняцца ў інфармацыі, падаванай Расеяй і Украінай. Уладзімір Зяленскі пацвердзіў 137 ахвяраў за першы дзень вайны. Расейскае Міністэрства абароны амаль не паведамляе пра страты ў асабовым складзе, паводле ж Міністэрства абароны Украіны колькасць забітых расейскіх вайскоўцаў набліжаецца да трох тысячаў.

У сацсетках з’яўляюцца відэа палонных расейцаў.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падпісаў указ пра ўсеагульную мабілізацыю і цягам дня некалькі разоў звяртаўся да ўкраінцаў, расейцаў і еўрапейцаў. Апошніх Зяленскі заклікаў дапамагчы Украіне, бо расейскае ўварванне – гэта вайна супраць усёй Еўропы. А таксама звярнуўся да Пуціна.

«Хачу яшчэ раз звярнуцца да прэзідэнта Расейскай Федэрацыі. Па ўсёй тэрыторыі Украіны ідуць баі. Давайце сядаць за стол перамоваў, каб спыніць гібель людзей», – сказаў Уладзімір Зяленскі.

Міністр замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў заявіў, што Расея гатовая пачаць перамовы, але пасля таго, як Украіна складзе зброю.

«Да перамоваў мы гатовыя. У любы момант, калі Узброеныя сілы Украіны адгукнуцца на заклік нашага прэзідэнта, спыняць супраціў, складуць зброю. Ніхто на іх не збіраецца нападаць, ніхто іх не збіраецца прыгнятаць, няхай вяртаюцца ў семʼі. А ўкраінскаму народу давайце прадставім усе разам магчымасць вызначыць свой лёс», – сказаў Сяргей Лаўроў.

Пуцін гатовы накіраваць у Менск расейскую дэлегацыю для перамоваў пра нейтральны статус Украіны, паведаміў прэс-сакратар расейскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў. Сам жа Пуцін звярнуўся да ўкраінскіх вайскоўцаў:

«Яшчэ раз звяртаюся да Узброеных сілаў Украіны. Не дазваляйце неанацыстам і бандэраўцам выкарыстоўваць вашых дзяцей, жонак і старых у якасці жывога шчыта, бярыце ўладу ў свае рукі. Падобна, нам з вамі будзе лягчэй дамовіцца, чым з гэтай шайкай наркаманаў і неанацыстаў, якая засела ў Кіеве».

Уладзімір Зяленскі таксама прамаўляў сёння да вайскоўцаў:

«Хачу звярнуцца да Узброеных сілаў Украіны. Стойце моцна. Вы – усё, што ў нас ёсць. Вы – усё, што абараняе нашую дзяржаву. Слава Украіне!»

Ірына Дарафейчук, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама