З пратэстоўцаў робяць крымінальнікаў


Каб не дапусціць вясновых пратэстаў, трэба іх крыміналізаваць. Адміністрацыя Аляксандра Лукашэнкі і іншыя верныя яму чыноўнікі рыхтуюць змены ў заканадаўстве, каб увесці крымінальную адказнасць за паўторны ўдзел у масавых акцыях. Злачынствам хочуць зрабіць і іншую, звычайную па ўсім свеце, дзейнасць грамадзянаў.

Да трох гадоў турмы за паўторны ўдзел у масавым мерапрыемстве. Праект новага Крымінальнага кодэксу даслалі ў рэдакцыю «Белсату». Яго распрацавала адмысловая група пры адміністрацыі Лукашэнкі. 15 сакавіка дакумент мае трапіць у Палату прадстаўнікоў.

«Пакуль беларускае грамадства знаходзілася ў сонным стане, рэпрэсіі былі кропкавымі. Сёння яны сталі масавымі, і гэта заканамерна, і гэта было чаканым, і нічога іншага як сродку падтрымання стабільнасці ў дзяржавы няма. Таму рэпрэсіі будуць узмацняцца», – адзначае палітолаг Сяргей Нікалюк.

Увядзенне крымінальнай адказнасці за ўдзел у мірных акцыях, экстрэмізм, распаўсюд уладальнікамі інтэрнэт-рэсурсаў забароненай інфармацыі ды асабістых звестак улады тлумачаць клопатам пра «забеспячэнне дадатковай аховы канстытуцыйнага ладу краіны, жыцця і здароўя грамадзянаў». Гэта парушае шэраг падпісаных Беларуссю міжнародных дакументаў, падкрэслівае праваабаронца Раман Кісляк.

«Увядзенне такіх драконаўскіх нормаў у адносінах сваіх грамадзянаў, безумоўна, пацягне ўвагу іншых краінаў – удзельнікаў міжнароднай супольнасці. І я хачу нагадаць, што захаванне правоў чалавека не з’яўляецца ўнутранай справай дзяржавы», – упэўнены праваабаронца.

Няўрадавыя арганізацыі Нямеччыны, Нідэрландаў і Вялікай Брытаніі ўжо збіраюць звесткі аб злачынствах уладаў Беларусі.

Ганна Красуліна, прэс-сакратар Святланы Ціханоўскай, упэўненая: улады ня маюць рэсурсаў на здушванне пратэстаў:

«І тады што яны робяць, яны выкарыстоўваюць як рэсурс – страх. Яны намагаюцца нас запужаць. Яны намагаюцца зрабіць так, каб мы самі перасталі выходзіць на вуліцы. У іх няма рэсурсаў, каб нас разганяць!»

Найбліжэйшым часам штаб Святланы Ціханоўскай прэзентуе платформу, дзе кожны беларус здолее абраць найбольш адпаведныя формы барацьбы за свабоду.

Ігар Станкевіч, «Белсат»