Прадузятая беларуская Фэміда


«Аб дзяржаве лепш за ўсё меркаваць па тым, як у ёй судзяць», – казаў польскі паэт Станіслаў Ежы Лец. Несправядлівыя прысуды, якія выносяцца ў Беларусі штодня, дастаткова яскрава апісваюць сітуацыю: у нашай краіне – прававы дэфолт.

На два гады «хіміі», або абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, асудзілі ў Менску 36-гадовага Аляксандра Аграйцовіча. Мужчына распавёў пра фальсіфікацыі на парламенцкіх выбарах 2019 года, а суд палічыў, што гэта паклёп на прадстаўнікоў выбарчай камісіі. Паводле следства, летась у траўні на сваім YouTube-канале «Дневники наблюдателя» Аляксандр апублікаваў непраўдзівыя звесткі пра чальцоў выбарчай камісіі. Інфармацыя нібыта зняславіла іхны гонар і годнасць.

«Я не згодны з прынятым рашэннем. Я буду яго абскарджваць. Па прысудзе ёсць шмат пытанняў. Будзем разбірацца далей», – кажа Аляксандр.

Мянчанка Алена выйшла ўчора з дому літаральна на 10 хвілінаў, каб падпісаць калектыўны зварот да сваёй дэпутаткі Ганны Старавойтавай, – а атрымала 870 рублёў штрафу. Са словаў Алены, дэпутатка Каменагорскай акругі «дала дабро» на збор подпісаў, бо не мае магчымасці прыняць усіх жыхароў мікрараёну. А такім спосабам людзі маглі б данесці пытанні, якія іх хвалююць.

«Мне страшна. Страшна жыць у такой краіне, калі б я не падпісвала нічога, а ішла ў краму купіць малака сваім дзецям, я магла б трапіць у гэты бус. І гэта жах», – дзеліцца Алена.

У Смаргоні распачалі крымінальную справу паводле артыкулу 339 Крымінальнага кодэксу – за хуліганства. Інцыдэнт адбыўся 18-га лютага ў мясцовым судзе. Калі дваіх смаргонцаў асудзілі за распаўсюджванне ўлётак са звесткамі пра міліцыянтаў, з натоўпу раздаўся вокліч «Жыве Беларусь!». Старшыня суда Людміла Пятрова загадала нікога не выпускаць. Хтосьці паспеў выскачыць праз акно, астатніх забрала міліцыя. Цяпер дапытваюць усіх, хто быў тады на працэсе. У тым ліку і былога рэдактара «Новай газеты Сморгони» Рамуальда Улана:

«І за гэта караць?! Проста за тое, што кампанія пашумела крыху?! Яны ж не білі нічога, не брыдкасловілі. Гэта ж словы гімну: у нас там у прыпеве ёсць «жыве і квітней Беларусь!». У гімне ёсць гэтыя словы, а нам прыпісваюць невядома што».

Экс-дырэктару магілёўскага філіялу «Белгазпрамбанку» Сяргею Кармызаву прысудзілі 3 гады калоніі агульнага рэжыму, а таксама штраф – 8700 рублёў за перавышэнне службовых паўнамоцтваў. Нібыта арганізаваў выдаванне крэдыту на 75 тысяч рублёў, з чаго планаваў атрымаць грашовую ўзнагароду. Мужчыну затрымалі ў чэрвені мінулага года пасля ператрусаў у «Белгазпрамбанку», іншых кампаніях і ў людзей, звязаных з Віктарам Бабарыкам. Кармызаў быў чальцом ініцыятыўнай групы прэтэндэнта на прэзідэнцтва.

Каця Малей, «Белсат»