Лукашэнка замест Лукашэнкі


Аляксандр Лукашэнка пакінуў пасаду прэзідэнта… прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэту. Ён узначальваў аб’яднанне з 1997 года, але на сённяшнім вялікім сходзе новым кіраўніком абралі іншага Лукашэнку – Віктара.

«Без усялякіх выкрутасаў, калі вас гэта задавальняе – перадаю вам свайго старэйшага сына. Абяцаю, што крадзяжоў, карупцыі, нямэтавага выкарыстання сродкаў не будзе, і стаўленне да спартоўцаў і трэнераў будзе самае лепшае», – сказаў Лукашэнка.

Віктар жа Лукашэнка займаў пасаду першага віцэ-прэзідэнта Алімпійскага камітэту з красавіка 2019 года. Ён жа – памочнік Аляксандра Лукашэнкі ў справе нацыянальнай бяспекі. Што праўда, з гэтае пасады Аляксандр Лукашэнка пастанавіў свайго сына звольніць.

«Ні адзін мой сын пасля мяне прэзідэнтам не будзе ў Беларусі. І Віктар, калі вы яго абераце, не будзе дзяржаўным службоўцам. Ён сёння ж будзе звольнены з пасады памочніка прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы. З усімі акалічнасцямі, што адсюль выцякаюць», – паабяцаў Лукашэнка.

Сёння ж абралі і новы склад выканкаму Нацыянальнага алімпійскага камітэту, куды, напрыклад, увайшоў меркавана датычны да забойства Рамана Бандарэнкі кіраўнік федэрацыі хакею Дзмітрый Баскаў.

На думку экспертаў, ракіроўка ў кіраўніцтве можа быць спробаю Аляксандра Лукашэнкі пазбегнуць далейшых санкцыяў з боку Міжнароднага алімпійскага камітэту.

«Мне падаецца, тут ёсць выразнае разуменне таго, што ягонае знаходжанне на пасадзе кіраўніка Нацыянальнага алімпійскага камітэту можа паставіць пад небяспеку магчымасць удзелу беларускіх спартоўцаў у Алімпіядзе. Існуе разуменне таго, што каб пазбегнуць негатыўных сцэнароў, трэба зрабіць нейкія крокі назад», – лічыць палітолаг Рыгор Астапеня.

Яшчэ летась у снежні Міжнародны алімпійскі камітэт пастанавіў, што кіраўніцтва НАК не абараняе належным чынам беларускіх спартоўцаў ад палітычнае дыскрымінацыі. У арганізацыі звярнулі асаблівую ўвагу на шматлікія факты ціску на падпісантаў ліста спартоўцаў супраць гвалту і нават звальненне спартоўцаў.

Тады пад санкцыі трапілі і Аляксандр, і Віктар Лукашэнкі, якім забаронена прысутнічаць на сёлетняй Алімпіядзе ў Токіа ды іншыя мерапрыемствы пад эгідаю МАК. Было заблакаванае і ўсялякая фінансаванне беларускага Нацыянальнага алімпійскага камітэту.

«Няўжо Лукашэнка думае, што ўзяўшы самаадвод – гэтага будзе дастаткова? Не, абсалютна не. Усе рэпрэсіі і ціск рабілі тыя людзі, якія і зараз пры пасадах», – лічыць Вадзім Крывашэеў.

На апошнім паседжанні выканкаму Міжнароднага алімпійскага камітэту ягоны кіраўнік Томас Бах заявіў, што ў арганізацыі ўважліва сочаць за сітуацыяй з абраннем кіраўніцтва беларускага алімпійскага камітэту ды плануюць пасля вызначыцца з далейшымі дзеяннямі ў дачыненні беларускай структуры. Магчыма нават, што на алімпіядзе ў Токіа, якая пройдзе з 23 ліпеня да 8 жніўня гэтага года беларускія спартоўцы будуць выступаць пад нейтральным сцягам.

Алесь Баразенка, «Белсат»