Як рэгулююцца цэны ў Беларусі


Сярэдні заробак бюджэтнікаў у снежні вырас на сем адсоткаў – ужо за мінусам інфляцыі – паведаміў Белстат, параўноўваючы з лістападам 20-га года. Такім быў не кожны месяц. У рэальным выражэнні заробкі і пенсіі не даганяюць імклівай інфляцыі. Як і прадбачылі аналітыкі Еўразійскага банку развіцця – беларускі ўрад працягвае палітыку рэгулявання цэнаў на сацыяльна значныя харчы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Бадай, любімая каша беларусаў – грэчка – па Br 2,3 за 700 гр. Такой нізкай цаны нам не ўдалося знайсці ў іншых крамах. Рэальная цана ўжо сягнула Br 3,5 рублёў. У снежні 2020 года на сярэднюю пенсію можна было набыць 116 кг грэчкі, у снежні 2021-га – на 40 кг менш, падлічылі журналісты рэсурсу «Зеркало». Яно і лагічна, бо пенсіі не растуць.

«Пенсіі падвышаліся на 6 % раз на год. А інфляцыя толькі афіцыйная склала амаль 10 %. Калі браць прадукты харчавання, то там па некаторых пазіцыях было і 20-30 %», – зазначыў эканаміст Леў Марголін.

Калі нельга спыніць цягнік, лукашэнкаўскі ўрад спрабуе абмежаваць яго хуткасць. Акрэслілі «столь» для цэнаў на сацыяльна значную гародніну і яблыкі. У табліцы бачым, што буракі, морква, белакачанная капуста, бульба, цыбуля і яблыкі да траўня маюць права змяніцца ў цане на лічаныя капейчыны. У той час як рэальная інфляцыя будзе каля 10 %, згодна з прагнозамі Еўразійскага банку развіцця.

«Гэтыя падыходы абумоўленыя абаронаю ўнутранага рынку, неабходнасцю прыярытэтнай пастаўкі айчыннай плодаагародніннай прадукцыі ў гандлёвую сетку за кошт ураджаю 2021 года, а таксама з улікам апераджальных тэмпаў росту цэнаў на гэтую прадукцыю ў сумежных краінах».

Раней абмежавальная палітыка штурхала гаспадаркі прадаваць за мяжу, каб не працаваць у мінус. Таму другім крокам дзяржава забараняла экспарт, каб пазбегчы дэфіцыту. У харчовай прамысловасці – менш, у нехарчовай – больш айчынныя вытворцы саступаюць рынак імпарту. Ён склаў 40 % у аб’ёме набытых летась тавараў. Такім чынам, удзельная вага айчынных вырабаў у раздробным гандлі зменшылася амаль да 60 % – вынікае са звестак Белстату. Рэкордна нізкі паказнік з 2013-2020 года. Чаму беларускае набываем менш ахвотна – мы запыталіся ў гледачоў:

«Якасць. Не хочацца падтрымліваць беларускага вытворцу, які не выконвае правоў працоўных».

«Таму што толькі галодны люмпен здольны на рашучыя дзеянні, а пакуль яны працуюць у халадэчы, але за ежу – уладзе нічога не пагражае».

«За тыя ж грошы (а ў некаторых выпадках танней) выбіраю набыць імпартнае, значна лепшай якасці і куды больш прывабнага дызайну. (…) Што прапаноўвае наш вытворца – абняць і плакаць».

Яшчэ 10 гадоў таму мы набывалі айчынныя пральныя машыны, газавыя пліты, лядоўні, тэлевізары. Цяпер – імпартнае. Тое, чаго не вырабляем, вязем перадусім з Расеі – кажа эканаміст.

«Будаўнічыя матэрыялы, пра якія мы думаем, што ў нас робяцца… насамрэч вытворчасці сусветных брэндаў, якія маюць свае канвееры ў Расеі. На жаль мы не можам канкураваць у прыцягненні інвестыцыяў нават з Расейскай федэрацыяй», – лічыць Марголін.

На гэты момант, з улікам санкцыйных чаканняў, эканаміст не бачыць умоваў ні для росту інвестыцыяў, ні для росту заробкаў – у рэальным выражэнні.

Юлія Цяльпук, «Белсат»