32 гады таму беларуская мова была адзінай дзяржаўнай у Беларусі. Што з ёй адбываецца цяпер?


«Вы павінны разумець, што тое, што нас адрознівае ад другіх, – гэта ёсць беларуская мова», – з памылкай але па-беларуску заявіў Лукашэнка, пасля амаль трох дзесяцігоддзяў уціску ды ігнаравання заклапаціўшыся лёсам беларускай мовы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Каб кожны беларус мог размаўляць на беларускай мове. Няма тут нічога антырасейскага і гэтак далей. Але мы пад уражаннем жніўня 2020 года пачалі выплёхваць з гэтай вадой мутнай і дзіця можам выплюхнуць. Гэтага ні ў якім разе не павінна быць», – адзначыў Лукашэнка.

Але безліч ініцыятываў ратавання беларускай мовы ўлады выплюхнулі задоўга да 2020-га. І першым такім крокам стала ліквідацыя статусу адзінай дзяржаўнай для беларускай мовы. Статусу, які яна атрымала 32 гады таму, 26 студзеня 1990 года.

«І ўсё тое, што рабілася ўслед за прыняццем Закону аб мовах, а менавіта перавод установаў школьнай адукацыі – гэта таксама выклікала разуменне, і не было ніякіх праблем з тым, каб класы з беларускай мовай навучання былі запоўненыя», – кажа старшыня зліквідаванага ўладамі Таварыства беларускай мовы Алена Анісім.

Усяго праз пяць гадоў – у выніку зладжанага ўладамі рэферэндуму – у 1995-м статусу адзінай дзяржаўнай беларуская мова пазбавілася, а дэклараваны білінгвізм ніякім чынам не вытрымліваўся. Ігнараванне ўладамі праблемаў беларускай мовы катастрафічна адбілася на яе распаўсюдзе ва ўсіх сферах жыцця. Так, у сістэме адукацыі цягам пятнаццаці апошніх гадоў колькасць вучняў, што навучаюцца па-беларуску, скарацілася амаль утрая, з 280,2 тысяч да 107,6 тысяч.

«Школьніцтва на беларускай мове ўжо набліжаецца да разраду 10 адсоткаў і ніжэй. Дакладныя звесткі цяжка прывесці, бо нават калі намінальна ёсць беларускія школы па Беларусі, то гэта не абавязкова азначае, што навучанне ў іх стоадсоткава вядзецца на беларускай мове», – кажа Алена Анісім.

Няма ў краіне і сістэмы вышэйшай ды сярэдняй спецыяльнай адукацыі па-беларуску. Сярод сотняў зліквідаваных уладамі за апошні год арганізацыяў – не адзін дзясятак тых, што займаліся распаўсюдам і папулярызацыяй беларускай мовы. Напрыклад, Таварыства беларускай мовы, ПЭН-цэнтр ці Саюз беларускіх пісьменнікаў.

«Дваццаты год паказаў нам, хто такі “свой”. Свой – гэта той, хто шануе жыццё і хто шануе разнастайныя формы жыцця, хто шануе такую форму жыцця, як беларуская мова», – кажа прадстаўніца Святланы Ціханоўскай у пытаннях адукацыі і навукі Таццяна Шчытцова.

І вяртаць беларускую мову ва ўжытак трэба цярпліва і паступова, адзначае Таццяна Шчытцова. Але рэаліі, створаныя ўладамі, такія, што бяспечна рабіць гэта можна бадай што толькі віртуальна.

«І ў гэтым віртуальным вымярэнні мы можам сустракацца, спяваць песні, чытаць вершы, абмяркоўваць навуковыя даклады і літаратурныя творы», – адзначае Таццяна Шчытцова.

На дзяржаўным жа ўзроўні для беларускай мовы больш, чым улады Беларусі, часам робяць нашыя суседзі. Саюз перакладчыкаў Літвы абвясціў 2022-і – годам беларускай літаратуры, прымеркаваўшы яго да пяцісотай гадавіны з дня выдання ў Вільні Францішкам Скарынам «Малой падарожнай кніжкі».

Ірына Дарафейчук, «Белсат»