Ва Украіне адкрылі 4000 «Пунктаў нязломнасці»


Амбасадарка Злучаных Штатаў Амерыкі ва Украіне Брыджэт Брынк каштуе гарбату ў «пункце нязломнасці», які адкрылі ў Кіеве на Цэнтральным вакзале.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Гарачыя напоі ўсім ахвотным тут гатуюць проста на дровах. Амбасадарка кажа:

«Мне падабаецца цеплыня. Я з вельмі халоднага штату. Я нарадзілася ў Мінэсоце. Я бачу, што ўкраінцы, як і мы, грэюцца каля вогнішчаў дровамі. Гэта вельмі падобна на тое, як робім мы».

Каб украінцам было яшчэ цяплей, амерыканская дыпламатка перадала ў пункт 22 тысячы флісавых коўдраў. Брыджэт Брынк дадае:

« І кожную хвіліну мы з нашымі партнёрамі робім намаганні для рамонту і аднаўлення аб’ектаў інфраструктуры ды абсталявання. Ад імя амерыканскага народу мы таксама надаем вайсковую дапамогу. З апошняга – на зброю было вылучана 400 млн долараў. Ні вы не спыніцеся, ні мы не спынімся ў нашых намаганнях».

«Пункт нязломнасці», акрамя Брыджэт Брынк, наведаў міністр інфраструктуры Украіны Аляксандр Кубракоў:

«Мы таксама рыхтуемся і гатовыя да блэкаўту, да адключэння электрычнасці. Сёння агулам нашая сетка складае 91 вакзал і станцыя, яны падрыхтаваныя, гэта “фартэцыі нязломнасці”. Мы іх так называем з чыгуначнікамі».

Прыехаў і старшыня ўправы Украінскай чыгункі Аляксандр Камышын:

«Ўінтэр із камін, але мы пачалі рыхтавацца да зімы яшчэ ўлетку. Дзякуючы таму, што мы пачалі загадзя, мы здолелі своечасова атрымаць усё для таго, каб падрыхтавацца да зімы. Гаворка ідзе пра генератары, аптэчкі, коўдры і многія іншыя рэчы».

Хаб працуе бясплатна, дзень і ноч. Тут можна не толькі сагрэцца, падладаваць тэлефоны, але таксама скарыстацца інтэрнэтам і пад’есці.

«Пункт нязломнасці» падзелены на некалькі зонаў: медпункт з аптэчкамі, вазком, ціхая зона для немаўлятаў, асобна – дзіцячы пакой з цацкамі.

Такія месцы абагравання на тэрыторыі чыгункі пакуль што адкрылі толькі ў Кіеве. У планах – зрабіць яшчэ на 16 вакзалах. У іншых невялікіх гарадах таксама могуць працаваць мабільныя вагоны, якія ацяпляюцца вугалем:

«Мы будзем ставіць іх па меры неабходнасці ў тых рэгіёнах, дзе зусім ужо не будзе ні цяпла, ні святла. Мы зможам іх пераганяць на працягу содняў фактычна, нацяпліць. Вось цяпер убачым, зойдзем унутр, там будзе цёпла. Тут цяпер больш за 30 градусаў».

Вагонаў падрыхтавалі каля двухсот. У кожным ёсць два купэ для дзяцей, дзе яны могуць весела бавіць час.

Усяго па Украіне ўжо разгарнулі больш за 4000 «пунктаў нязломнасці», якія могуць прымаць за адзін раз ад 40 да 500 чалавек – заявілі ў офісе прэзідэнта Украіны. З часам іх стане яшчэ больш.

Уладзіслаў Корсак, Юлія Макаранка, Аляксандр Страційчук, «Белсат»