Ці ёсць у Беларусі хатні гвалт?


Сёння Міжнародны дзень барацьбы за ліквідацыю гвалту ў адносінах жанчын. Улады Беларусі падаюць такую статыстыку: 11 тысяч асобаў, пацярпелых ад хатняга гвалту, штогод звяртаюцца па дапамогу ў крызісныя цэнтры. Але чым ім там могуць дапамагчы, калі гвалт практыкуецца на ўзроўні дзяржавы?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Каля 70 тысяч фактаў хатняга ґвалту зарэгістравалі ў міліцыі сёлета, прыблізна 14 тысяч дэбашыраў стаяць на ўліку ў Міністэрстве ўнутраных справаў – такія лічбы агучылі афіцыйныя ведамствы. Некалькі гадоў таму ААН паведамляла, што кожная трэцяя жанчына ў Беларусі – ахвяра хатняга гвалту.

«Гвалт на ўзроўні персанальных стасункаў – яго, хутчэй за ўсё, стала больш, але самае жахлівае, што ў нас нават няма інфармацыі, па-першае. А па-другое, вельмі складаны механізм, як гэтую інфармацыю зараз можна атрымаць», – распавядае гендарная актывістка і даследніца Алена Агарэлышава.

Беларускі, пацярпелыя ад хатняга гвалту, звярталіся па дапамогу ў першую чаргу ў арганізацыі «Радзіслава» і «Гендарныя перспектывы». Бо зварот у міліцыю мог скончыцца пастаноўкаю сям’і на ўлік як сацыяльна небяспечнай. Але каток палітычных рэпрэсіяў пасля выбараў 2020 года зліквідаваў гэтыя арганізацыі, а давер да міліцыі ўпаў яшчэ болей.

«У век сурʼёзных інфармацыйных войнаў за розум моладзі і насельніцтва мы павінны разумець, што нам не па дарозе з тымі арганізацыямі, якія фінансуюцца і разам з добрымі рэчамі дэкларуюць нейкія чужыя каштоўнасці», – заявіў падчас прэс-канферэнцыі ў «Доме прэсы» Зміцер Варанюк.

Дапамогі ахвярам хатняга гвалту не хапала і да ліквідацыі недзяржаўных арганзацыяў, лічыць Алена Агарэлышава.

Цяпер, паводле эксперткі, ініцыятывы ды актывісты, якія яшчэ застаюцца ў Беларусі, працуюць непублічна, інфармацыя пра іх дзейнасць перадаецца выключна праз сарафаннае радыё.

«Гэта вялікая праблема, як быць публічнымі, каб людзі маглі звярнуцца, каб ахвяры хатняга гвалту маглі звярнуцца, але не дастаткова публічнымі, каб дзяржава гэта прыкрыла», – патлумачыла гендарная актывістка і даследніца Алена Агарэлышава.

Афіцыйна атрымаць дапамогу можна ў тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання, звязацца з імі можна праз нумары службы экстранай псіхалагічнай дапамогі: Берасцейшчына – 80162 25 57 27, Віцебшчына – 80212 61 60 60, Гомельшчына – 80232 31 51 61, Гарадзеншчына – 80152 39 83 31, Магілёўшчына – 80222 71 11 61, Меншчына – 8017 270 24 01. Паводле Міністэрства працы, штогод у гэтыя цэнтры звяртаюцца каля 11 тысяч ахвяраў хатняга гвалту.

На жаль, законапраект аб хатнім гвалце так і не быў прыняты, бо яго скрытыкаваў Лукашэнка:

«И не шлепок, а хороший ремень иногда тоже полезно для ребёнка».

Чатыры гады таму Лукашэнка прызнаўся, што ягоны старэйшы сын Віктар ад яго «часта атрымліваў», а вось малодшага Мікалая – ніколі не біў. Палітолаг Валер Карбалевіч звяртае ўвагу на рыторыку, якую часта можна пачуць ад Лукашэнкі:

«Ён увесь час гаворыць, што трэба па мордзе даць, рукі павырываць, ногі павырываць. Вядома, што калі Лукашэнка працаваў дырэктарам саўгасу, то ён збіў аднаго з трактарыстаў, была крымінальная справа, яе замялі, бо Лукашэнка ўжо стаў дэпутатам».

Другая прычына, з якой Лукашэнка завярнуў Закон аб супрацьдзеянні хатняму гвалту, лічыць эксперт, гэта якраз тое, што яго прасоўвалі актывісты і праваабаронцы:

«Закон аб барацьбе з хатнім гвалтам з’яўляецца часткай канцэпту правоў чалавека, канцэпту, які актыўна рэалізуецца ў краінах Захаду, а ўсё, што звязана з паняццем правоў чалавека, Лукашэнка катэгарычна адмаўляе».

У кастрычніку рэжым Лукашэнкі дэнансаваў факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і тым самым пазбавіў беларусаў магчымасці звяртацца са скаргамі ў ААН. Цяпер адзіны міжнародны орган, куды беларусы могуць звяртацца афіцыйна, – гэта камітэт для ліквідацыі дыскрымінацыі жанчын. Пакуль яшчэ могуць.

Вольга Васільева, «Белсат»