Хто будзе галоўным ахоўнікам рэжыму?


Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі павялічвае колькасць сілавікоў і плануе даць ім дадатковае ўзбраенне. І гэта не першая падобная навіна. Раней лукашэнкаўцы ў пагонах анансавалі стварэння новага падраздзялення спецназу, якое будзе здольнае змагацца не толькі з унутранымі, але і з вонкавымі ворагамі. Ці верыць сам Лукашэнка ў пагрозу з-за мяжы? І каму выгаднае ўзмацненне ўнутраных войскаў?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У кожным рэгіёне Беларусі створаць новыя сілавыя падраздзяленні з уласнаю бранятэхнікаю, як распавёў кіраўнік Міністэрства ўнутраных справаў Іван Кубракоў. Дадатковыя баявыя адзінкі паўстануць і ва ўнутраных войсках. Навошта, калі ўсю апазіцыйную актыўнасць у Беларусі нібыта здушылі наяўнымі сіламі?

«Памятаючы 20-ы год, калі не хапала рэсурсаў, каб адказваць на тое, што адбывалася ў Менску і ў рэгіёнах, яны думаюць, што гэта будзе эфектыўным не толькі падчас пратэстаў, але яшчэ і напярэдадні, каб запужаць насельніцтва», – мяркуе эксперт Фінскага інстытуту міжнародных адносінаў Рыгор Ніжнікаў.

Новыя падраздзяленні сілавікоў змогуць выкарыстоўваць не толькі для здушэння грамадзянскага пратэсту. Напрыклад, сёлета дазволілі выкарыстоўваць унутраныя войскі МУС для аховы дзяржаўнай мяжы. Іх камандуючы Мікалай Карпянкоў таксама намякаў на магчымае супрацьстаянне атакам звонку.

«Мы ствараем […] батальён спецыяльнага прызначэння, які будзе размяшчацца ў Менску, але задачы будзе выконваць і для барацьбы з дыверсійна-разведвальнымі групамі, незаконнымі збройнымі фармаваннямі. […] Калі спатрэбіцца – і для забеспячэння ваеннага стану, надзвычайнага стану», – заяўляў Мікалай Карпянкоў.

Лукашэнка не раз згадваў «бразганне гусеніцаў натаўскіх танкаў». І – хай сабе і з пагардай – пра полк Каліноўскага. Ці сапраўды рэжым лічыць замежныя вайсковыя фармаванні беларусаў сур’ёзнай пагрозай для сябе?

«Частка беларускай улады асцерагаецца, што з гэтага можа нешта выйсці. Па-другое, беларуская ўлада заўсёды карысталася наратывам, што звонку нашыя ворагі, і мы павінныя адказаць на гэтую пагрозу», – мяркуе Рыгор Ніжнікаў.

Аднак унутраныя войскі – не тая сіла, што здольная паспяхова весці сапраўдныя баявыя дзеянні – мяркуе вайсковы аглядальнік «Белсату» Зміцер Міцкевіч.

«Хоць унутраныя войскі і зʼяўляюцца ваенізаваным фармаваннем, яны не зʼяўляюцца часткай звычайнай рэгулярнай арміі. У іх няма адпаведнай тэхнікі, у іх усё накіраванае на выкананне абмежаванага кола задач. Ва ўмовах Беларусі – для аховы рэжыму», – кажа Зміцер Міцкевіч.

Павелічэнне ўнутраных войскаў ды пашырэнне іх значнасці выгаднае, у першую чаргу, іх непасрэднаму кіраўніку. Які, імаверна, імкнецца ў перспектыве заняць пасаду міністра ўнутраных справаў.

«Пашырэнне функцыяў, кампетэнцыі гэтага ведамства зʼяўляецца яшчэ адной рысай пашырэння дзейнасці Карпянкова, бо ён займаецца прасоўваннем сваіх інтарэсаў, пашырэннем свайго ўплыву, гэта частка вось такога працэсу», – мяркуе Зміцер Міцкевіч.

Але ўласных палітычных амбіцыяў Мікалай Карпянкоў не мае, як мяркуе наш аглядальнік. Бо Лукашэнка не цярпіць патэнцыйных канкурэнтаў. Хутчэй за ўсё, Карпянкоў імкнецца да таго, каб стаць галоўным ахоўнікам рэжыму і вызначальнаю фігурай у сілавым блоку.

Валянцін Васіленка, «Белсат»