Сілавікі, чальцы сям‘і. Хто б‘е і бароніць беларусак ад гвалту?


Згодна з САЗ, кожная трэцяя жанчына ў свеце пакутуе ад хатняга гвалту. У Беларусі няма афіцыйных лічбаў з 2019 года, а статыстыка мінулых гадоў кажа, што каля 28% беларусак сапраўды былі збітыя чальцамі сваёй сям‘і, кожная другая пацярпела ад псіхалагічнага гвалту, і каля 17 % – ад сексуальнага.

У Беларусі абмеркаванні аб прыняцці закону аб хатнім гвалце пачаліся ў 2018 годзе.

«На жаль ён не быў прыняты, я шкадую, што так здарылася. Мяркуючы з літоўскага досведу, закон абавязковы, калі мы хочам пачаць вырашаць гэтую праблему. У Літве мы адчулі, як зʼяўленне закону стварыла магчымасць мяняць грамадскі дыскурс, мы раптам пачалі разумець, што гэта не асабістыя праблемы сямʼі, што гэта злачынства супраць грамадства», – кажа Маргарыта Янкаўскайце з лiтоўскай Арганізацыі прасоўвання роўных магчымасцяў.

У Літве закон аб хатнім гвалце дазваляе пачаць расследаванне без заявы з боку ахвяры і бароніць ахвяру. У Беларусі ж справе дадуць ход, калі ахвяра напіша заяву, а пакараннем для агрэсара часцяком становіцца штраф, які аплачваецца з сямейнага бюджэту. Беларускі альбо не звяртаюцца па дапамогу ў міліцыю, альбо не атрымліваюць яе там.

«Я звярталася ў міліцыю, яны зрабілі выгляд… прынялі мяне добра, прынялі заяву. Гэта было ў траўні месяцы, сёння лістапад, і няма ніякага адказу», – кажа Аліна, ахвяра хатняга гвалту.

Летась было вынесена каля шасці з паловаю тысяч ахоўных прадпісанняў, якія не дазваляюць агрэсару набліжацца да ахвяры, але фактычна, калі сямʼя валодае кватэрай, агрэсар так і застаецца ў ёй. Дый ахвярай хатняга гвалту прызнаюць толькі пры наяўнасці пабояў. У Еўропе да хатняга гвалту адносяцца яшчэ і…

«…Шантаж, запалохванне, пужанне, што адбяруць дзяцей, прыніжэнне, ізаляцыя, дэманстрацыя сваёй маскуліннай перавагі – я тут такі, ты павінна мяне слухацца. Можа выяўляцца эканамічнымі маніпуляцыямі. Эканамічны гвалт, сексуальны, псіхалагічны», – кажа Маргарыта Янкаўскайце.

З 2020 года беларускі пакутуюць яшчэ і ад гвалту з боку сілавікоў. На верасень каля 160-ці жанчын асуджаныя паводле палітычна матываваных артыкулаў. У лістападзе затрымалі актывістку ў сферы жаночых правоў і былую кіраўніцу сховішча «Радзіслава» Вольгу Гарбунову, а само грамадскае аб’яднанне на мяжы ліквідацыі – у верасні Дэпартамент фінансавых расследаванняў зрабіў адпаведную прапанову ў Менгарвыканкам.

«Вольга дала мне бяспечнае жытло, у мяне быў час, каб стаць на ногі і знайсці працу», – кажа Аліна ахвяра хатняга гвалту.

Паўплывала на рост хатняга гвалту і пандэмiя. ААН ацаніла прырост на 20 адсоткаў. Ніякіх афіцыйных звестак адносна Беларусі зноў жа няма.

Алена Дубовік, «Белсат»