План «збеглых» супраць плану нелігітымнага


План Лукашэнкі – перапісаць Канстытуцыю ў трэці раз супраць плану апазіцыі, дзеячаў якой ён цынічна называе «збеглымі». Дык вось выцесненыя з краіны прыхільнікі перамен ужо на гэтым этапе выбудоўваюць план дзеянняў, які б не дазволіў сілавому рэжыму сфальсіфікаваць вынікі ім жа ініцыяванага канстытуцыйнага рэферэндуму.

Грамадзянская супольнасць яшчэ вырашае, удзельнічаць ці не ў галасаванні па зменах у Канстытуцыю Беларусі. І калі галасаваць, то як абараніць свой голас… Лукашэнка пад час чарговага паседжання канстытуцыйнай камісіі заявіў, што ўжо ведае план апазіцыі:

«Я ўжо «віды-відаўшы» чалавек гляджу і думаю, няўжо зноў Захад адурэе і дасць пад гэта грошы? Я да чаго гэта кажу – яны ўжо рыхтуюцца. Рыхтуюцца зламаць Канстытуцыю і калі ў іх план рэалізуецца – зноў вывесці на вуліцу народ Беларусі. Ну, гісторыя вучыць, што нічому яна не вучыць», – дапусціў Лукашэнка.

Рэжым дае ўрокі гісторыі народу Беларусі, журналістам і палітыкам ужо на працягу апошніх 15-ці месяцаў, перадасцерагаючы ад іншадумства ў любых яго публічных праявах. Якім чынам дзяржава хоча арганізаваць выбарчы працэс пад час прававога дэфолту – можна толькі здагадвацца. Лукашэнка звярнуўся да прысутных на нарадзе:

«Беларусь, як мы ўсе падкрэслівалі, застанецца прэзідэнцкай рэспублікай. Так мы абаронім асновы дзяржаўнасці, захаваем і абаронім пераймальнасць свайго гістарычнага досведу. Усё будзе залежаць ад таго, які прэзідэнт прыйдзе на змену гэтаму прэзідэнту. Таму і падстрахоўваемся Усебеларускім народным сходам. Вы бачыце, што лягчэй і спакайней вакол нас не стала».

Спакою няма з 9-га жніўня 2020-га года – дню прэзідэнцкіх выбараў, у вынікі якіх не паверыла большая частка беларусаў – паводле падлікаў платформы «Голас». Згодна з даследаваннямі, у першым туры перамагла Святлана Ціханоўская, набраўшы прынамсі 56 % галасоў. Прыхільнікі перамен перакананыя, што і вынікі рэферэндуму будуць сфальсіфікаваныя. Дэмакратычная супольнасць на гэты момант прапаноўвае беларусам, якія супраць рэферэндуму ў прынцыпе – рабіць бюлетэні несапраўднымі. Алена Жываглод, каардынатарка НАУ:

«Тым людзям, якія не змогуць фатаграфаваць свае бюлетэні, бо будуць адкрытыя выбарчыя кабінкі ці нешта яшчэ, мы прапануем такія дзеянні. Цяпер мы абмяркоўваем унутры «Голасу» і «Зубру», якім чынам на гэта рэагаваць. Хутчэй за ўсё будуць стаяць экраны, сілавікі на выбарчых участках. Магчыма, у людзей будуць забіраць тэлефоны і гэтак далей».

Апазіцыя ўсведамляе, што дзяржава паспрабуе цалкам кантраляваць выбарчы працэс пад час рэферэндуму, запланаванага на студзень-люты 2022 года. Але ёсць і добрыя навіны там, дзе раней іх не было – у выбарчых камісіях. Алена Жываглод, каардынатарка НАУ:

«Цяпер мы ўжо вядзем працу з тымі, каго запрашаюць у выбарчыя камісіі. Афіцыйны набор не распачаты. Усё адбываецца за зачыненымі дзвярыма. Гэтых людзей мы запрашаем пісаць у суполку «Чесные люди». Калі вас запрасілі ў выбарчую камісію, не адмаўляйцеся – кажам мы. Бо на вашае месца прыйдзе фальсіфікатар».

Такія асобы ўжо пішуць у суполку «Честные люди». Гэта наводзіць на думку, што мінулы год не прайшоў бясследна, і што б не казаў ініцыятар канстытуцыйнай рэформы, гісторыя нас усё ж такі вучыць.

Юлія Цяльпук, «Белсат»