«Дапамажыце нам, забярыце нас у любую краіну»


Мігранты выйшлі на мітынг каля лагістычнага цэнтру «Брузгі», дзе пад кантролем беларускіх сілавікоў утрымліваюцца да дзвюх тысячаў чалавек. Акцыя прайшла за металічнай агароджаю, за якою стаяць людзі ў зялёнай уніформе. Больш за сотню чалавек выйшлі з плакатамі на англійскай мове з надпісамі «мы людзі», «мы хацелі лепшага жыцця» і скандавалі, што хочуць у Нямеччыну.

«Мы прыйшлі сюды ў бяспеку. У Іраку, у Курдыстане мы ў небяспецы, і мы не можам вярнуцца назад, там нам няма жыцця. Нам патрэбная дапамога. Нам патрэбная дапамога Еўропы, дапамажыце нам, забярыце нас у любую краіну. Мы не тэрарысты. Нам проста патрэбная дапамога», – кажа адзін з удзельнікаў акцыі.

Не кідаюць мігранты і спробаў нелегальна трапіць у Еўразвяз. Літоўскія памежнікі паведамілі пра 55 такіх спробаў мінуць мяжу. Агулам жа паводле памежнай службы Літвы ля межаў гэтай краіны на беларускім баку могуць быць да паўтары тысячы мігрантаў. Польшча заявіла пра новую безвыніковую спробу штурму мяжы групаю двухсот асобаў. Цягам содняў зафіксаваныя 375 спробаў незаконна перайсці беларуска-польскую мяжу.

«Практычна штоночы працягваюцца спробы фарсавання мігрантамі польскай мяжы, яны досыць агрэсіўныя, і ў іх бяруць актыўны ўдзел салдаты беларускіх службаў», – адзначае кіраўнік кабінету прэзідэнта Польшчы Павэл Шрот.

У Польшчы створаны крызісны штаб у справе сітуацыі на мяжы, а прэм’ер-міністр краіны Матэўш Маравецкі ладзіць шэраг сустрэчаў з замежнымі калегамі, абмяркоўваючы пытанні салідарнасці ў супрацьдзеянні беларускаму рэжыму.

«Сітуацыя на нашай усходняй мяжы з Беларуссю, якая адначасова ёсць мяжою НАТО і ўсходняю мяжою Еўразвязу. Абараняючы гэтую мяжу, мы адначасова абараняем Еўразвяз. І таму я дзякую нашым французскім партнёрам і адначасова ўсім партнёрам з Еўразвязу за словы салідарнасці ды за поўнае падтрыманне тых дзеянняў, што мы робім дзеля абароны ўсходняй мяжы Еўразвязу», – кажа прэм’ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі.

Падтрымліваюць дзеянні Варшавы і Злучаныя Штаты. У гэтым дарадца прэзідэнта ЗША ў нацыянальнай бяспецы Джэйк Саліван запэўніў польскага калегу Паўла Солёха. ЗША лічаць вінаватым у міграцыйным крызісе рэжым Аляксандра Лукашэнкі.

Улады ж Беларусі наракаюць, што Еўразвяз не дае грошай ні на ўтрыманне мігрантаў, ні на іхнае вяртанне на радзіму. Чарговы вывазны рэйс у Ірак меў адбыцца сёння а 14:30. Але яшчэ напярэдадні ў менскім аэрапорце паведамілі пра скасаванне рэйсаў 25-га і 27-га лістапада.

«Штосьці самалёт сёння не прыслалі гэтыя… Заплаціць? Дык хай еўрапейцы заплацяць. Таксама мярзотнікі: «Мы грошы вылучылі – і мільёны, і тысячы». Ніводнай капейкі сюды не паступіла грошай», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле кампаніі «Іракскія авіялініі», эвакуацыйны рэйс з Менску скасавалі на просьбу Міністэрства замежных справаў Іраку, каб забяспечыць максімальную напаўняльнасць.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»