Рышы Сунак – новы прэм’ер-міністр Вялікай Брытаніі


Бакінгэмскі палац. Чарлз III прызначае новым прэм’ер-міністрам Вялікай Брытаніі Рышы Сунака. І даручае яму фармаваць новы ўрад.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Узначалены мной урад не пакіне наступнаму пакаленню, вашым дзецям і ўнукам, доўгу, які мы не заплацілі самі, бо былі занадта слабыя. Я абʼяднаю нашу краіну не словамі, а справаю. Гэты ўрад будзе сумленны, прафесійны і адказны на ўсіх узроўнях. Давер заслугоўваецца, і я заслужу ваш», – упэўнены Рышы Сунак.

У звароце да брытанцаў ён паведаміў, што паставіць эканамічную стабільнасць на першае месца. А новы кабінет міністраў гатовы прымаць цяжкія рашэнні.

Абранне новага міністра пракаментаваў прэзідэнт ЗША Джо Байдэн:

«Мы атрымалі паведамленне, што Рышы Сунак – новы прэмʼер-міністр. Як сказаў бы мой брат: «Вось табе і на». Кансерватыўная партыя. Надзвычайна. Гэта наватарская вяха – і гэта важна».

Рышы Сунак быў міністрам фінансаў. Паводле апытання «YouGov», 43 адсоткі брытанцаў упэўненыя, што ён добра праявіць сябе на пасадзе прэмʼер-міністра. Напрыклад, у Борыса Джонсана было 34 адсоткі. Жыхары Лондану падзяліліся сваім меркаваннем:

«Думаю, ён зробіць прадуманую працу. У яго ёсць досвед».

«Яшчэ адзін лідар, у пэўным сэнсе навязаны нам Кансерватыўнай партыяй, падаецца дрэнным выйсцем. Але насамрэч ён кампетэнтны, здольны. Думаю, ён быў добрым міністрам фінансаў».

«Усе, каго я ведаю, галасавалі не за фаварыта, а за найменш кепскага. Таму я не ўпэўненая, што гэта дасць нам нешта большае, чымся мы мелі».

У сваім звароце новы прэмʼер-міністр узгадаў і пра сваю папярэдніцу, якая склала абавязкі на 45-ы дзень у выніку рэзкага абвалу фунта стэрлінгаў. Рышы Сунак адзначыў, што ўрад Ліз Трас зрабіў памылкі, але меў добры намер. Ліз Трас таксама выказалася ў бок пераемніка:

«Украіна павінна перамагчы, і мы павінны працягваць умацоўваць абараназдольнасць нашай краіны. Гэта тое, да чаго я імкнулася. І я жадаю Рышы Сунаку поспехаў на карысць нашае краіны».

Новы прэмʼер-міністр акурат абяцаў захаваць курс Борыса Джонсана і павялічыць падтрыманне Украіны, а першы замежны візіт хоча нанесці ў Кіеў.

Яна Шэк, «Белсат»