ВУП абваліўся


Прагнозы незалежных эксператў, якія «Белсат» неаднойчы агучваў, апраўдаліся: інфляцыя нават не збіраецца спыняць свой рост і ў верасні склала 10,2 адсоткі гадавых. Затое істотна замарудзіўся рост валавога ўнутранага прадукту.

Рост яшчэ ёсць, але ажно ў чатыры разы маруднейшы, чым у папярэднім квартале. Аналітыкі Еўразійскага банку развіцця падсумавалі стан беларускай эканомікі за першыя дзевяць месяцаў сёлета:

«Беларуская эканоміка за 9 месяцаў 2021 г. павялічылася на 2,7 % г/г (+3 % г/г за студзень-жнівень). У верасні рост ВУП заставаўся ніжэйшым за 1 % г/г, галоўным чынам праз скарачэнне на 13,7 % г/г сельскагаспадарчай вытворчасці».

Істотны мінус – і ў інвестыцыйных паказніках: на 9,1 адсотка менш у верасні. Паводле аналітыкаў ЕАБР, патлумачыць гэты мінус можна падвышанаю нявызначанасцю, якая пануе ў Беларусі. Ну а ўжо адсутнасцю інвестыцыяў можна патлумачыць і адсутнасць поспехаў у айчыннай эканоміцы, дадае эканаміст Леў Марголін.

«Калі параўнаць эканоміку з цягніком, то, каб ён рухаўся, туды трэба ўвесь час падкідваць паліва. Ну, як калісьці гэта быў вугаль ці дровы. І калі гэтага не рабіць, то гэты цягнік – хоць і не адразу – будзе ўсё больш запавольвацца-запавольвацца і ўрэшце спыніцца зусім. Вось зараз ёсць праблемы з інвестыцыямі, якія і ёсць палівам для эканомікі», – тлумачыць Марголін.

Пры гэтым самая вялікая праблема з цяперашнім эканамічным ростам, адзначае эканаміст Сяргей Чалы, – гэта тое, што ён нашмат меншы за патэнцыял, які Беларусь мае.

«Калі б не было гэткага маразму ў палітыцы і эканоміцы, з тым экспартным цудам, з тою вонкаваю эканамічнаю кан’юнктураю, якія ёсць сёння, мы мусілі б расці разы ў тры хутчэй: 8–9 %, як тое было ў папярэднія гады», – кажа Чалы.

Вядома ж, не толькі патэнцыйны, але і рэальны рост эканомікі за красавік-чэрвень сёлета выглядае куды больш прывабна – 5,8 адсотка замест няпоўных паўтара адсотка (1,4 %) у ліпені-верасні. Аднак можа і няважны той рост, туды адсотак, сюды адсотак – усё адно ж у плюсе! Ці не?

«Па-першае, ён марудны. Па-другое, ён маруднейшы за рост усясветнай эканомікі і рост нашых суседзяў. То бок трэнд, які даўно распачаўся, – адставання, адпаведна, паводле ўзроўню даходаў, якое стварала фактары для працоўнай міграцыі, – працягваецца. То бок мы ўсё яшчэ адстаем, фактычна валачомся ў хвасце. Тут пытанне не ў тым, што мы бяжым, а ў тым, што мы бяжым марудней за астатніх», – тлумачыць Чалы.

Ну а ўсё большы разрыў у даходах з суседзямі азначае, што матывацыя бегчы за мяжу ў пошуках дабрабыту ў беларусаў усё большая. А з Новага года, калі старыя кантракты беларускіх партнёраў скончацца і заходнія санкцыі пачнуць дзеяць наўпрост, прагназуе Леў Марголін, беларуская эканоміка прасядзе яшчэ больш. Зрэшты, санкцыі, дадае эканаміст, ускосна працуюць ужо і сёння.

«Скажам, заходнія банкі або тыя, хто працуе ў гэтых банках, не вельмі хочуць разважаць, ці гэта стары кантракт, ці новы кантракт: прыйшоў плацеж з боку Беларусі ці ў бок Беларусі – мы лепш яго адкладзем або наагул вернем назад!» – тлумачыць Марголін.

І яшчэ адна цікавая лічба, якая можа быць наўпрост звязаная з санкцыямі, а дакладней са спробаю іх абыходу рэжымам Лукашэнкі. За паўгоддзе доля засакрэчанага беларускага экспарту ў Расею павялічылася ў 10 разоў у параўнанні з усім 2020 годам і складае амаль 15 адсоткаў ад агульнага абʼёму.

«Па-першае, яны не хочуць паказваць каналаў уплыву санкцыяў на наш вонкавы гандаль, то бок дзе найбольш адчувальныя пазіцыі і колькасныя ацэнкі гэтага ўплыву. І па-другое, напэўна, не хочуць дэманстраваць змянення гэтых вонкавых гандлёвых плыняў, якія маглі б сведчыць пра схемы абыходу гэтых санкцыяў», – адзначае Сяргей Чалы.

«Я думаю, што гэта робіцца якраз на просьбу расейскіх партнёраў: маўляў, мы будзем у вас працягваць нешта купляць і вам нешта прадаваць, але вы гэтага, калі ласка, не афішуйце, каб у нас потым не было праблемаў», – дадае Леў Марголін.

Што ж да праблемаў беларусаў, то нават і не зразумела, за каторую з іх хапацца. Да прыкладу, сярэдні заробак у краіне падае ўжо другі месяц запар. Дарэчы, ці шмат хто з вас яго атрымаў – 1442 рублі і 70 капеек?

Валера Руселік, «Белсат»