У Беларусі прышчапілася толькі 1/5 частка насельніцтва


«Вакцынацыя ў Беларусі праваленая», – заяўляе лекарка Вольга Садоўская. Бо за 8 месяцаў афіцыйнай кампаніі поўнасцю прышчэпленая толькі пятая частка беларусаў. Некаторым з іх патрэбная рэвакцынацыя.

«У дачыненні кітайскай вакцыны «Vero Cell» вядома, што пасля дзесьці 4–5 месяцаў цітр абарончых антыцелаў пачынае зніжацца. Гэта сведчыць пра тое, што дзесьці праз паўгода альбо 9 месяцаў абавязкова трэба рэвакцынавацца. То бок па факце мы маем папуляцыйны імунітэт меншы за 20 %», – лічыць Вольга Садоўская.

«Vero Cell» у Беларусі больш вядомая як «Sinopharm». Траціна ад апытаных намі больш як пяці тысяч гледачоў прышчапіліся ёю або «Спутнікам». Заходняй вакцыны чакае пятая частка, па заходнюю прышчэпку з’ездзілі або гатовыя паехаць толькі 2%. Прынцыповых праціўнікаў вакцынацыі сярод апытаных толькі 24 адсоткі. Ну а тых, хто яшчэ не вызначыўся або перахварэў і чакае, – пятая частка.

З нядаўняга часу на сайце Мінздароўя дасяжная мапа вакцынацыі. У тых самых пунктах можна і паўторна прышчапіцца. Зрабіць гэта варта людзям з праблемамі імунітэту і цяжкімі хваробамі, кажа Вольга Садоўская. Астатнім жа, у каго прышчэпкі яшчэ няма, лекарка раіць хутка гэта выправіць. Аднак пры некалькіх умовах. Першая – вынік ПЛР-тэсту мусіць быць адмоўным. Інакш вакцына папросту не спрацуе. То бок спачатку ачуняць, пачакаць месяц і толькі потым прышчапляцца. Другая – з проціпаказаннямі на кампаненты вакцыны яе лепш не рабіць.

«Чалавек не захварэе праз вакцыну. Другое – ён не зможа заразіць навакольных каронавірусам. І трэці важны момант – калі чалавек захварэў на каронавірус у бліжэйшыя дні пасля таго, як ён атрымаў першую дозу вакцыны, верагоднасць 100 %, што ён ужо інфікаваны і заражаны пайшоў на вакцынацыю», – лічыць лекарка.

Адносна краінаў-суседак Беларусь у прышчэпкавай кампаніі прасунулася не так далёка – цалкам вакцынаваныя толькі 2 мільёны чалавек, пятая частка насельніцтва. Менш толькі ва Украіне – амаль 17 адсоткаў. Расейскія лічбы ўражваюць, але ў рэальнасці – гэта хіба што 33 адсоткі. Польшча і Латвія маюць 52 адсоткі прышчэпленых. А наперадзе Літва – больш за паўтара мільёна чалавек. Гэта большая частка насельніцтва краіны.

Пры гэтым нават і такімі паказнікамі ў Літве не зусім задаволеныя, кажа былы міністр аховы здароўя краіны Аўрэліюс Вярыга.

«Мы глядзім на ўсё насельніцтва, а людзі, якія маюць самую вялікую рызыку пры заражэнні моцна захварэць або памерці, да 30 % у самых старэйшых групах, – яны засталіся без вакцыны. То бок яны так і не прыйшлі да месца вакцынацыі», – кажа чалец Парламенту Літвы Аўрэліюс Вярыга.

Прышчапіцца ў Беларусі можна бясплатна. Падроблены сертыфікат, які сведчыць, што прышчэпка нібыта зробленая, на чорным рынку каштуе больш за 320 беларускіх рублёў. Гэткую інфармацыю мы спраўдзілі ў інтэрнэт-прасторы.

«Вітаю! Я з Беларусі. Падкажыце, калі ласка, ці магчыма праз вас набыць сертыфікат аб вакцынацыі «Sputnik V» ці «Sinopharm»? Колькі гэта будзе каштаваць і ці не будзе за гэта нічога ў Беларусі?»

«Вітаю! 9500 расейскіх рублёў будзе. Пакуль што праблемаў не было».

Пытанне вакцынацыі падымалі сёння і на штогадовай канферэнцыі Сусветнай арганізацыі здароўя. Гэтак, да прыкладу, у Японіі, дзе вакцынавалі амаль 70 адсоткаў насельніцтва, істотна знізіўся паказнік новых заражэнняў каронавіруснай інфекцыяй штодня.

«Пандэмія скончыцца, калі чалавецтва пастановіць пакласці ёй канец. Гэта ў нашых руках. У нас ёсць усе неабходныя інструменты: эфектыўныя інструменты аховы здароўя і эфектыўныя медыцынскія інструменты. У адрозненне ад шматлікіх іншых праблемаў са здароўем мы можам спыніць гэтую хваробу», – казаў у сваёй прамове генеральны дырэктар Сусветнай арганізацыі здароўя Тэдрас Адханам Гебрэесус.

Тым часам беларускія медыкі нагадваюць: асабліва падчас сезонных хваробаў, то бок цяпер, такія простыя захады, як маскі, самаізаляцыя і менш кантактаў з грамадствам, насамрЭч могуць уратаваць жыццё. Ну, і вядома ж, вакцынацыя.

Надзея Бельская, «Белсат»