«Белавія» губляе тры самалёты. Яшчэ 17 – у чарзе


І двух гадоў не наляталі з Менску тры Эмбраеры E195 кампаніі «Белавіа». Паводле крыніцаў «Матолька хэлп» – лайнеры правядуць апошнюю ноч у Нацыянальным аэрапорце, а заўтра – вылецяць на службу ў Казахстан. Гэта – чарговыя наступствы прымусовай пасадкі ў траўні самалёту Раянэр, прамежкавай справаздачы пра якую чакаем да 12 лістапада.

Першы Embraer E195-E2 упрыгожыў флот «Белавія» у перадапошні дзень 2019 года. За ім – другі і трэці. Толькі паспелі задамавіцца, як адляцяць у Казахстан. Паводле крыніцаў блогеру Антона Матолькі, тры беларускія Эмбраеры E195-E2 у аўторак 26-га кастрычніка пакінуць Беларусь. Самалёты не да канца нашыя – узятыя ў лізінг.

«Паводле нашай інфармацыі, бразільскі вытворца не дае кампаніі абноўленай базы звестак, а без яе самалёты лётаць не могуць. У гэтай сітуацыі трэба дакладна разумець, што лізінгадаўцу – кампаніі «AerCap» – прастойванне самалётаў будзе проста нявыгаднае», – піша Motolko Help.

Страта трох самалётаў прэміум класу – можа быць не апошняю. Шэраг краінаў дамагаюцца, каб Еўразвяз забараніў еўрапейскім кампаніям прадстаўляць паслугі беларускаму перавозніку. Тады яшчэ 17 узятых у лізінг самалётаў не атрымаюць страховак і не змогуць лятаць. У флоце можа застацца толькі 9 машын. Напярэдадні кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жузэп Бурэль заявіў пра гатовасць да такіх санкцыяў – кансэнсусам 27-і краінаў еўрапейскай сям’і.

«Тая схема, якая выкарыстоўваецца цяпер з дастаўкаю мігрантаў у Менск, а потым – да мяжы з Польшчаю і Літвой – яна падрабязна распісаная. Ёсць доказы: фота, відэа, дакументы, якія паказваюць, што прадстаўнікі рэжыму, чыноўнікі, і ў тым ліку прадстаўнікі «Белавіа» ды Менскага аэрапорту добра паінфармаваныя і дазваляюць гэтым схемам працаваць», – кажа дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка.

У санкцыйны спіс могуць трапіць асобы, кампаніі, банкі. Абмеркаванне і прыняцце захадаў затрымліваецца, магчыма, і праз адзін істотны дакумент. Рада Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ICAO) мае апублікаваць прамежкавую справаздачу аб травеньскім інцыдэнце з самалётам Ryanair, праз які беларускім авіякампаніям забаранілі выкарыстоўваць паветраную прастору і аэрапорты Еўразвязу і яшчэ некалькіх краінаў.

Юрыст у Народным антыкрызісным упраўленні, Міхаіл Кірылюк, кажа ад імя НАУ і шэрагу міжнародных экспертаў:«Няма сумневаў, што гэта было зроблена дзеля таго, каб захапіць журналіста Пратасевіча. Мы бачылі яшчэ тады, як прагандысцкія каналы цешыліся, якая цудоўная спецаперацыя. І толькі потым пачалі перайначваць свае словы, маўляў – вы не так нас зразумелі».

Унутры арганізацыі ідуць спрэчкі на конт фармулёвак і нават прэамбулы дакументу. Паколькі ўдзельнічае ў разборы таксама беларуская і некалькі сяброўскіх ёй дэлегацый. Чаму высновы справаздачы важныя?

«Будзе справаздача ICAO, ёсць – ахвяры на мяжы… Гэта ўсё кладзецца ў спіс, у якім ёсць доказы, высновы і падставы для далейшых дзеянняў», – дадае Міхаіл Кірылюк.

Народнае антыкрызіснае упраўленне дамагаецца, каб за злачынствы унутры Беларусі і за яе межамі рэжым Лукашэнкі ў выніку прызналі тэрарыстычным.

Юлія Цяльпук, «Белсат».