Абвешчаны талібамі дэдлайн набліжаецца


Чатыры самалёты Міністэрства абароны Расеі эвакуявалі з Афганістану больш за 500 грамадзянаў. У іх ліку і беларусы. Эвакуацыя з аэрапорту Кабулу набірае тэмпы, бо талібы адхілілі просьбу падоўжыць тэрмін эвакуацыі. Пасля захопу ўлады талібамі больш за 70 000 чалавек пакінулі Афганістан.

Менш за тыдзень… каб эвакуяваць тысячы іншаземцаў з Афганістану. 31-га жніўня заканчваецца крайні тэрмін для вывазу грамадзянаў і вываду амерыканскіх войскаў. З першага верасня «Талібан» будзе стасаваць іншы падыход да эвакуацыі – папярэджваюць прадстаўнікі руху.

«Чым хутчэй мы зможам закончыць, тым лепш. Кожны дзень аперацый нясе дадатковую небяспеку для нашых войскаў. Але завяршэнне эвакуацыі да 31 жніўня залежыць ад таго, ці працягне «Талібан» супрацоўнічаць і ці дазволіць доступ да аэрапорту тым, каго мы перавозім, ды ці н(я) стануць нам перашкаджаць», – кажа прэзідэнт ЗША Джо Байдэн.

Прадстаўнікі руху «Талібан» заклікаюць Вашынгтон «не заахвочваць» афганцаў з’язджаць, асабліва «адукаваную эліту» і прадстаўнікоў прафесіяў, найбольш запатрабаваных у краіне. Талібы заклікаюць суграмадзянаў вярнуцца з аэрапорту дадому, гарантуюць ім бяспеку, абяцаюць амніставаць тых, хто працаваў на замежныя краіны і папярэднюю афганскую адміністрацыю.

«На жаль, гэтая праблема яшчэ не пераадоленая, Ісламскі Эмірат сурʼёзна спрабуе кантраляваць сітуацыю там. Мы перакрылі шлях, якім людзі едуць у аэрапорт. Афганцы не маюць права ехаць гэтай дарогай, для іх яна заблакаваная, а замежныя грамадзяне – могуць выкарыстоўваць гэты шлях», – адзначае прадстаўнік руху «Талібан» Забіхула Муджагід.

Аднак ля аэрапорту Кабулу – хаос і адчай. Вялізны натоўп людзей стаіць па калені ў вадзе сярод смецця – у надзеі ўцячы ад пагрозы рэпрэсіяў.

«У аэрапорце Кабулу адна бутэлька вады прадаецца за 40 амерыканскіх долараў, а талерка рысу – за 100 амерыканскіх долараў. Гэта недаступна для простых людзей», – сведчыць мясцовы жыхар Фазаль-ур-рэхман.

Афганцы, якія працавалі на заходнія фірмы, шукаюць ратунку ля пасольстваў еўрапейскіх краінаў:

«Я прабыў каля амбасады Нямеччыны тыдзень. Пасольства зачыненае. Няма нікога, каб вырашыць праблему. Я быў у аэрапорце, але не змог увайсці. У аэрапорце час ад часу чуліся стрэлы», – успамінае жыхар правінцыі Капіса Адлес.

«Я даўно працую ў канадцаў. Я прывёз сюды сваю сямʼю пяць-шэсць дзён таму, але ніхто не прыйшоў атрымаць маю анкету на візу», – перажывае жыхар правінцыі Нангаргар Ахмэд.

Прадавец кукурузы з Кабулу ўпэўнены: «Там, дзе мір, усё будзе добра, бізнес і паўсядзённае жыццё будуць у парадку. Гэтыя людзі, якія пакідаюць краіну, робяць гэта толькі праз няўпэўненасць у сабе. Яны не хочуць заставацца тут і зʼязджаюць, бо баяцца, што пачнецца вайна».

Гады засухі, канфліктаў, падзенне эканомікі ды пандэмія каронавіруса набліжаюць Афганістан да «ідэальнага шторму» – кажа дырэктар харчовай праграмы ААН Дэйвід Бізлі. Дзеля перадухілення гуманітарнай катастрофы ААН спатрэбіцца не менш за 200 мільёнаў долараў да верасня. Да гэтага часу ежа, прызначаная для жыхароў краіны, пачне заканчвацца, а колькасць людзей, якія будуць мець патрэбу ў гуманітарнай дапамозе, падвоіцца.

Каця Малей, «Белсат».