30 гадоў аднаўлення незалежнасці


Сёння дзень аднаўлення незалежнасці Беларусі. 25-га жніўня 91-га года Вярхоўны Савет надаў статус канстытуцыйнага закону Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце. Перадусім гэта была незалежнасць ад Крамля. Што змянілася за гэтыя 30 гадоў, і якія мэты мы дасягнулі за гэты час?

Стварыць свае дэмакратычныя органы ўлады, уласную фінансавую сістэму, войска, дыпламатыю, развіваць беларускую мову і культуру. Усё гэта мусіла зрабіць Беларусь згодна з Дэкларацыяй аб дзяржаўным суверэнітэце, якая 30 гадоў таму стала крыніцаю закону найвышэйшай сілы. Ці атрымалася за 30 гадоў выканаць гэтыя планы?

«І ў эканамічнай сферы, і ў палітычнай, і сілавыя структуры, і мясцовыя органы ўлады – ва ўсіх гэтых сферах стварыць дзяржаўныя інстытуты ўдалося. Яны працавалі да крызісу 2020 года, з тых часоў працуюць горш», – лічыць палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч.

Склалася так, што многія дзяржаўныя інстытуты сталі проста інструментам для захавання ўлады Аляксандра Лукашэнкі. У выніку трох рэферэндумаў ён надаў сабе неабмежаваныя паўнамоцтвы. У 1996-м разагнаў дэмакратычна абраны парламент. У 1999-м і 2000-м таямніча зніклі апаненты Лукашэнкі – палітыкі Віктар Ганчар і Юрый Захаранка, бізнесовец Анатоль Красоўскі ды журналіст Зміцер Завадскі. З сярэдзіны 90-х ніводныя выбары міжнародная супольнасць не прызнала свабоднымі. Сёння ў планах Лукашэнкі – чарговы рэферэндум аб змене канстытуцыі.

«Не перашкаджаць моладзі будаваць дзяржаву. Адысці на нейкія запасныя пазіцыі (вайскоўцы мяне зразумеюць), каб бачыць, што адбываецца ў краіне, і калі хтосьці здрыганецца, мужыкі, – мы з гэтых пазіцый павінны падлучыцца», – заявіў Лукашэнка 20 жніўня, уручаючы ўзнагароды сілавікам.

У рэйтынгу грамадзянскіх свабодаў «Freedom House» Беларусь займае 192-е месца з двухсот дзесяці (210) – адразу за Узбекістанам і Еменам. На постсавецкай прасторы горш ідуць справы з правамі чалавека толькі ў Азербайджане, Таджыкістане і Туркменістане.

«Пасля дэмантажу гэтага рэжыму, я думаю, Беларусь стане нармальнай дэмакратычнай краінай. Прычым ліберальнай, еўрапейскай. Ёсць вялікая супярэчнасць паміж настроямі грамадства і настроямі палітычнага рэжыму», – падкрэслівае Валер Карбалевіч.

Сваймі сацыяльнымі дасягненнямі Лукашэнка і ягоныя прыхільнікі лічаць бяспеку, падтрыманне маладых сем’яў і нізкі ўзровень беспрацоўя. У эканоміцы ганарацца захаваннем савецкіх прамысловых гігантаў і калгасаў. Таксама ўлады хваляцца добрымі дарогамі, Паркам высокіх тэхналогіяў і запушчанай у лістападзе атамнай электрастанцыяй, вось толькі пакупніка для электраэнергіі пакуль не знайшлі.

«За гэтыя трыццаць гадоў свет увайшоў ужо ў чацвёртую прамысловую рэвалюцыю. Радыкальна змяніліся тэхналогіі, радыкальна новы падыход да таго, што цэніцца і што патрэбнае. Захаваць старое азначае заблакаваць новае. У 2020 годзе ў Беларусі прадукцыйнасць працы дасягала 13 тысяч долараў на працоўнага за год. У Польшчы – у пяць разоў вышэйшая», – параўноўвае кіраўнік Даследчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.

Амаль 10 гадоў эканоміка краіны, заснаваная на экспарце прадукцыі савецкіх нафтаперапрацоўчых заводаў, калійных шахтаў і аўтазаводаў, застаецца ў застоі. 30 гадоў таму паводле ўзроўню даходаў Беларусь пераўзыходзіла Польшчу. Сёння сярэдні заробак адстае ад польскага і літоўскага ў тры разы. Да Беларусі па ўзроўні заробкаў наблізілася Украіна. Прыбытак краіне прыносяць ужо не савецкія дзяржаўныя заводы, а новы сектар IT. На прыватных прадпрыемствах працуюць ужо 40 адсоткаў занятых.

«Капітал 21-га стагоддзя – гэта чалавечы капітал, гэта нематэрыяльныя актывы. Менавіта гэта крыніца таго, што ў нас ёсць канкурэнтаздольны IT-сектар, які працуе ва ўсім свеце. Той факт, што няма ні аднаго дырэктара буйной IT-кампаніі, які жыў бы ў Беларусі і трымаў тут штаб-кватэру, сведчыць аб тым, наколькі яны давяраюць беларускай уладзе», – адзначае Яраслаў Раманчук.

Магчымасці развіваць беларускую мову і культуру дзяржава таксама н(я) выкарыстала. Ці не хацела. Выбіраючы прэзідэнта ў 1994-м, грамадства падтрымала ідэю аднавіць СССР і ўзяць курс на абʼяднанне з Расеяй. Расейская мова, што была адной з дзяржаўных разам з беларускай, пачала дамінаваць. Колькасць школьнікаў, што навучаюцца па-беларуску, за гэтыя гады скарацілася з сарака адсоткаў да дзесяці. У далёкім 95-м на рэферэндуме людзі прагаласавалі за вяртанне сімволікі савецкага ўзору.

Аднак у 2020 годзе 700 тысяч беларусаў выйшлі на мітынгі не пад афіцыйнымі або савецкімі, а пад бел-чырвона-белымі сцягамі са стогадовай гісторыяй.

Масавымі арыштамі і збіццём Лукашэнка прыбраў пратэст з вуліцаў. Але працэсы, якія выклікалі пратэст, працягваюцца.

«Падраслі людзі іншай культуры. Цяпер культура абагнала сацыяльнасць. Гэты крызіс і выявіўся летам мінулага года. Яго ніякімі камандамі адмяніць нельга», – лічыць палітолаг Сяргей Нікалюк.

Згасанне дзяржпрадпрыемстваў, досвед жыцця ў незалежнай краіне і новыя тэхналогіі мяняюць беларускае грамадства. Яно перарасло ўладу, якая жыве ідэямі мінулай эпохі.

Аляксандр Папко, «Белсат»