Чаму беларусы з'язджаюць за мяжу ў 2022 годзе?


Дзясяткі тысяч беларусаў з’ехалі за мяжу за апошнія два гады. Зрэшты, дзясяткі гэта ці сотні тысячаў, ацаніць хіба немагчыма. Летась толькі ў Літве від на жыхарства атрымалі больш за дваццаць тысяч беларусаў, і яшчэ дзесяць тысяч – з пачатку гэтага года. То бок тэмп эміграцыі, падобна, не зніжаецца. Але з якіх прычынаў беларусы з’язджаюць са сваёй краіны ў 2022-м? Гэта рэпрэсіі рэжыму або, можа быць, ёсць іншыя, менш відавочныя прычыны? Разбіраемся з экспертамі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Дакладна ацаніць колькасць беларусаў, якія з’ехалі за мяжу пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, немагчыма. Называюцца лічбы ад некалькіх дзясяткаў да некалькіх сотняў тысяч. Але праз два гады пасля выбараў праблема выглядае яшчэ больш маштабнай.

Паводле сузаснавальніка Беларускага Дому ў Варшаве Алеся Зарэмбюка «хваля эміграцыі з Беларусі не змяншаецца, а наадварот, павялічваецца».

У Польшчы дазвол на жыхарства маюць больш за 50 тысяч беларусаў. Від на жыхарства ў Літве за першую палову гэтага года атрымалі каля 10 тысяч беларусаў – летась такіх выпадкаў было 20 тысяч. Самаю відавочнаю прычынай эміграцыі застаецца адчуванне небяспекі або наўпроставая пагроза з боку дзяржавы.

Актор Сяржук Тоўсцікаў прыехаў у Вільню ў студзені гэтага года. На здымкі серыялу «Акрэсціна».

«У Беларусі наогул не было ніякай працы, – расказвае актор. – Людзі ведаюць, ёсць такія чорныя спісы. Я быў страйкоўцам у Новым драматычным тэатры, і потым забаранілі акрамя дзяржаўнай працы наогул дзесьці штосьці рабіць. І калі пачалі вырашаць, за што гэты чалавек можа жыць, выйсця іншага не было, трэба было недзе працаваць».

Пакуль Сяржук Тоўсцікаў быў на здымках у Вільні, знаёмыя папярэдзілі актора, што верагоднасць вярнуцца ў Беларусь без наступстваў – 50 адсоткаў. На той момант ён ужо меў за плячыма два ператрусы ўдома і два выклікі ў Следчы камітэт.

«На мяне бацька паўплываў, сказаў: «Сынок, чым я буду ездзіць на Акрэсціна ці то на Валадарку, ці то можа ў які Шклоў потым – ну так, перспектыва такая, лепей мы будзем з табой стэлефаноўвацца і чуць хаця б адзін аднаго».

Але нават калі б Сяржук вярнуўся ў Беларусь, працы для нелаяльных актораў у тэатрах не засталося. «Колькі было ўжо набораў у Купалаўскі тэатр, нават праз газету «Из рук в руки» – ужо нават такім чынам запрашаюць на працу актораў. Не білецёраў, не адміністратараў, а актораў. Яны там не згінуць, гэта дакладна, але ж якая якасць гэтага ўсяго будзе».

Але за час пасля выбараў прычынаў для пераезду за мяжу ў беларусаў з’явілася значна больш. Чарговую хвалю эміграцыі справакавала вайна Расеі супраць Украіны.

«Пасля 24 лютага мы атрымлівалі тысячы мэйлаў аб дапамозе і візавай падтрымцы, – успамінае Алесь Зарэмбюк. – Звычайна ад маладых мужчынаў, хлопцаў, якія проста малілі нас: «Дапамажыце нам атрымаць польскую візу і з’ехаць у Польшчу, таму што мы ні ў якім разе не хочам ваяваць супраць Украіны».

Размовы, што Беларусь далучыцца да баявых дзеянняў, не сціхаюць. Беларусы працягваюць з’язджаць з краіны, бо асцерагаюцца быць уцягнутыя ў вайну. Але ж на сённяшні дзень выязджаюць галоўным чынам тыя, каму ў Беларусі нічога не пагражае.

«Асноўная група беларусаў, якія з’язджаюць, – гэта звычайныя маладыя беларусы, якія не бачаць перспектывы свайго далейшага жыцця, працы, развіцця ў краіне», – працягвае Алесь.

Вайна ва Украіне справакавала і адток прафесіяналаў з Беларусі, перадусім IT-сектару. Дарадца Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой (АВВА) Яраслаў Кот узгадвае праграму «Poland. Business Harbour»:

«За апошнія толькі некалькі месяцаў ён выдаў у разы больш візаў беларусам, чым за папярэднія два гады. То бок тое, што цяпер адбываецца з міграцыяй прафесіяналаў, мазгоў і спецыялістаў з Беларусі, ні ў якое параўнанне не ідзе з тым, што было з 2020 года».

Многія спецыялісты пераязджаюць за мяжу на патрабаванне працадаўцы. Бо сёння тыя, хто працуе і плаціць падаткі ў краіне-суагрэсары, для бізнесаў у Еўропе непажаданыя і нявыгадныя.

«Частка санкцыяў – нельга супрацоўнічаць з Беларуссю. І яны кажуць: “Мы не можам, мы не будзем гэтага рабіць, гэта патрабаванне заканадаўства. Калі ласка, або вы рэлакуецеся, або мы прыпыняем з вамі супрацу, усё”», – тлумачыць Яраслаў Кот.

Ужо два гады краіна губляе тысячы прафесіяналаў. І рэпрэсіі рэжыму, і ўдзел у вайне ва Украіне каштуюць Беларусі надзвычай дорага.