Заходнія санкцыі зацверджаныя, але не без агаворак

Cектаральныя санкцыі прынятыя, але ёсць дзве агаворкі. Падпісаныя да сёння дамовы застаюцца ў сіле.

Напрыклад, яшчэ паўтара года працягнецца экспарт угнаенняў праз порт у Клайпедзе. Будзе час, каб знайсці парты ў Расеі.

«Радыкальнага змяншэння экспарту тавараў сёлета, я мяркую, не будзе, таму што трэба ж выканаць абавязкі. Могуць быць гадавыя, паўгадавыя, двухгадовыя», – упэўнены эканаміст Яраслаў Раманчук.

Другая агаворка – экспарт асноўнага тыпу калійнага ўгнаення працягнецца. У рашэнне аб забароне экспарту не ўключылі хларыд натрыю з утрыманнем аксіду калію ад 40 да 62 адсоткаў.

«Міністр замежных спраў Літвы Ландсбергіс адзначыў, што сектаральныя санкцыі ў дачыненні калійнай галіны будуць паступовыя. Можа быць, акурат і мелася на ўвазе, што спачатку будзе зачэпленая пэўная частка ўгнаенняў, пасля будзе наступная», – спадзяецца Глеб Сандрас, які прадстаўляе страйкавы рух «Беларуськалію».

Агулам санкцыі мусяць абмежаваць імпарт у Беларусь тэхналогіяў, якія можна выкарыстаць для маніторынгу ці перахопу інтэрнэту і тэлефоннай сувязі. Таксама пад забарону трапяць тавары падвойнага прызначэння для вайсковага выкарыстання, інгрэдыенты для тытунёвых вырабаў.

Абмежаванні ёсць і ў экспарце з Беларусі нафтапрадуктаў, калійных угнаенняў, у доступе ўраду Беларусі на фінансавыя рынкі Еўразвязу.

Еўрапейскаму інвестыцыйнаму банку забаронена фінансаваць праекты дзяржаўнага сектару Беларусі.

Эканаміст даследчага цэнтру BEROC Леў Львоўскі падлічыў, што эфект ад санкцыяў можа прывесці да 7 адсоткаў падзення ВУП. На ранейшыя ж абмежаванні скардзіцца «Белавія», якая штомесяц губляе больш за 10 мільёнаў долараў, а МЗС Беларусі ў сённяшняй заяве праводзіць паралелі з пачаткам вайны:

«Пасля вераломнай сумеснай атакі 22 чэрвеня 2021 г. з боку восі ЕЗ, ЗША, Вялікай Брытаніі і Канады на беларусаў, на працоўныя калектывы нашых прадпрыемстваў, бізнесоўцаў, журналістаў, а таксама дэпутатаў толькі за тое, што яны выказваюць уласнае меркаванне, было цалкам зразумела, што будзе зроблена новая дарэмная спроба паступова душыць нашых грамадзянаў».

Яраслаў Раманчук лічыць, што гэткая рыторыка – не вынік страху перад санкцыямі, а спроба паказаць гатовасць да барацьбы з Захадам:

«Яны былі б эфектыўныя тады, калі б 500 палітвязняў выпусцілі на волю, калі б пачаўся дыялог і пачалася б гуманізацыя ізноў у Беларусі. Калі справа толькі ў тым, якія паказчыкі будуць у эканоміцы, то я нагадаю, што за 4 месяцы гэтага года экспарт тавараў у Еўразвяз узрос больш чым на 85 адсоткаў».

Рэжым абяцае адказаць на абмежаванні Еўропы сваймі санкцыямі. Прадэманстраваць іх абяцае ўжо праз два тыдні.

«Такіх сур’ёзных механізмаў, якія б беларускі бок не выкарыстоўваў, ужо практычна няма. Канечне, застаецца яшчэ гэты козыр, звязаны з наркатрафікам, што Беларусь будзе прапускаць наркотыкі, ці нелегальная міграцыя. Можа быць, забарона на імпарт асобных тавараў», – распавядае палітолаг Андрэй Казакевіч.

Акрамя таго пагражаюць знішчэннем грамадзянскай супольнасці, ціскам на літоўскія ды польскія бізнесы, якія працуюць у Беларусі. Але палітолаг лічыць, што ў Еўразвязу механізмаў супрацьстаяння значна больш.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама