Ці збіраецца Лукашэнка «гандляваць» палітвязнямі


Яшчэ да ўвядзення сектаральных санкцый супраць Беларусі некаторыя эксперты гаварылі аб гандляванні закладнікамі рэжыму Лукашэнкі.

Медыі ды аўтобусы з цёмнымі вокнамі – пра незвычайную актыўнасць ля жаночай калоніі ў Гомлі, дзе ўтрымліваюць нашых каляжанак Дар‘ю Чульцову і Кацярыну Андрэеву, паведаміў сёння рагачоўскі рэгіянальны партал. Для «Onliner» падзею пракаментавала прэсавая сакратар Міністэрства ўнутраных справаў Вольга Чамаданава:

«Што датычыць наяўнасці мікрааўтобуса журналістаў у папраўчай калоніі № 4 Гомля, то тэлебачанне прыехала на адкрыццё рэабілітацыйнага цэнтру «Давер» для асуджаных жанчын. Навіна пра гэта размешчаная ў нас на сайце».

Між тым пад хатні арышт сёння перавялі Соф‘ю Сапегу і Рамана Пратасевіча. Дазволілі ім і пабачыцца з роднымі.

«Учора сапраўды адбылася сустрэча Сафіі з яе бацькамі, з мамай і айчымам. Сустрэча адбылася ў Менску, у добрай нязмушанай атмасферы, у менскім рэстаране. Іх па часе ніхто не абмяжоўваў. Сустрэча адбылася з дазволу органаў папярэдняга расследавання», – паведаміў адвакат Соф’і Сапегі Антон Гашынскі.

З Раманам Пратасевічам змагла сустрэцца ягоная сястра, распавяла маці Рамана Наталля Пратасевіч:

«Гэта нейкая альтанка была на прыродзе, далі пабачыцца, але гэта было пад сталым наглядам трэціх асобаў. Вы разумееце, пра каго я кажу».

Інфармацыю пра змененую для Сапегі ды Пратасевіча меру стрымання пацвердзіў у сваім тэлеграм-канале Следчы камітэт:

«Абвінавачаныя даюць паслядоўныя прызнаўчыя паказанні і ў адпаведнасці з заканадаўствам яны раней звярнуліся з хадайніцтвам пра заключэнне дасудовага пагаднення аб супрацы са следствам».

Абвінавачанняў з затрыманых не знялі, іх трымаюць у здымных кватэрах пад сталым наглядам.

Бацькі Рамана перакананыя, што «выкрывальныя» фільмы з ягоным удзелам працягнуць здымаць і дэманстраваць у дзяржаўных медыях. Адвакат Софʼі чакае працягу следчых дзеянняў:

«Будзе расследавацца крымінальная справа, пасля чаго будзе прынятае нейкае працэсуальнае рашэнне: або пра накіраванне справы ў суд, або пра спыненне крымінальнага пераследу, або пра перадачу крымінальнай справы ў Расейскую Федэрацыю для правядзення следчых дзеянняў».

Затрыманне Рамана Пратасевіча і Соф’і Сапегі, дзеля якога ўлады Беларусі месяц таму перахапілі рэйс авіякампаніі «Ryanair», не толькі выклікала міжнароднае абурэнне, але і паскорыла прыняцце эканамічных санкцыяў. Палёгку ва ўтрыманні Сапегі ды Пратасевіча штаб Святланы Ціханоўскай лічыць новай спробай рэжыму «дамовіцца» з Захадам, як гэта адбывалася ўжо неаднаразова.

«Я думаю, што наіўных не засталося, ніхто гандлявацца з Лукашэнкам не будзе. Кожны міністр Еўразвязу, ЗША і Вялікая Брытанія выдатна разумеюць, што Лукашэнка хлусіць», – кажа дарадца Святланы Ціханоўскай у замежнай палітыцы Франак Вячорка.

Але змяненне меры стрымання прынамсі для дваіх пераследаваных азначае, што сітуацыя ў Беларусі выйшла на новы этап, думае Франак Вячорка. Бо пасля шматмесячнага закручвання гаек Лукашэнка вымушаны рабіць саступкі. Наперадзе – чарговае пашырэнне санкцыяў.

«Акрамя Еўразвязу вялікі пакет санкцыяў рыхтуюць Злучаныя Штаты. Гэта будуць і сектаральныя санкцыі і асабістыя фінансавыя санкцыі. Я думаю, Злучаным Штатам спатрэбіцца больш часу, але пакет, які яны рыхтуюць, будзе нашмат мацнейшы за ўсё тое, што было раней», – кажа Франак Вячорка.

Патрабаванні ж беларусаў у справе палітвязняў застаюцца нязменнымі: вызваленне ўсіх, і пяцісот сямі прызнаных, і некалькі сотняў яшчэ не прызнаных, але таксама пакараных за палітычную пазіцыю.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»