Калі адчуваеш матылькоў у жываце, гэта кактэйль гармонаў у выніку станоўчых эмоцыяў. Калі адчуваеш матылька ў горле, гэта павелічэнне шчытападобнай залозы, а значыць, няма прычынаў цешыцца. Што такое хвароба Хасімато, а таксама дыфузны таксічны валляк, ведае жыхарка Варшавы Ірына, якая доўгія гады пакутуе ад гэтых хваробаў.
Глядзіце сюжэт у нашым відэа:
«Пухліна спачатку была ўнутры, але, калі яе стала відаць звонку, (мне стала ўсё роўна, як я выглядаю), усё звярталі ўвагу. Пухліна была 5 сантыметраў», – кажа жыхарка Варшавы Ірына Бурда.
Каля трыццаці адсоткаў насельніцтва ў свеце схільныя да хваробаў шчытападобнай залозы. Штогадовы прырост захворванняў – каля пяці адсоткаў папуляцыі. Самыя распаўсюджаныя хваробы – гіпертэрыёз, гіпатэрыёз, аўтаімунны тырэяідыт, або хвароба Хасімато.
«Гіпертэрыёз – гэта павышэнне функцыі шчытападобнай залозы, залішняя колькасць гармонаў яна вырабляе, а гіпафункцыі – гэта зніжэнне яго колькасці. І першае, і другое дрэнна, бо пакутуе ўвесь арганізм. А хвароба Хасімато – гэта хранічнае запаленне шчытападобнай залозы», – кажа эндакрынолаг Богдан Гуда.
Сучасная фармакалогія дазваляе асобам з паталогіяй шчытападобнай залозы весці паўнавартаснае жыццё. Важна толькі своечасова дыягнаставаць хваробу. Для гэтага трэба не ігнараваць характэрных сімптомаў, перыядычна рабіць УГД органа.
«Павышаная стомленасць, пагаршэнне памяці, ацёчнасць пад вачыма, сухасць скуры. Замяшчальная гарманальная тэрапія прапісваецца пажыццёва пацыентам з хваробаю Хасімато і гіпатэрыёзам», – кажа эндакрынолаг Богдан Гуда.
Адна таблетка з раніцы – і праблема развязаная. Абы не было вайны. І гэта не бабуліна прыказка. Вайна, якую Расея развязала ва Украіне, ударыла па расейцах, украінцах і нават беларусах, залежных ад гарманальнай тэрапіі. Тады з аптэк умомант зніклі патрэбныя прэпараты.
Тады расяяне адчулі дэфіцыт лекаў, які пачаўся ў сакавіку. У Расею медыкаменты паступалі ў асноўным з-за мяжы, а санкцыі прымусілі людзей набываць прэпараты ў запас. У выніку з паліцаў аптэк зніклі прэпараты з рэчывам леватыраксін натрыю – эўтыракс, эл-тыраксін. Патрэба Расеі ў гэтых прэпаратах – да аднаго мільёна ўпаковак за месяц.
Цяпер дэфіцыту гэтых лекаў ва Украіне няма. У Расеі гэтак жа замежныя прэпараты ўжо з‘явіліся на прылаўках. Акрамя таго, там запусцілі вытворчасць свайго прэпарата, які змяшчае леватэраксін натрыю. У Беларусі пакуль ёсць нямецкія лекі, аднак часам іх трэба пашукаць. Наш карэспандэнт абышоў тры менскія аптэкі, у дзвюх з іх на той момант лекаў не было.
АПТЭКА № 1
– Эўтыроксу няма!
– А ён увогуле паступае ў Беларусь?
– У нас даўно няма. У горадзе – не ведаю.
АПТЭКА № 2
– Няма эўтыроксаў.
– А што рабіць?
– Трэба шукаць.
– А што, можа быць дзесьці, ці як?
– Ну, трэба глядзець, пытацца. Можа, дзесьці паступае, пакрысе даюць.
– А чаму пакрысе?
– Бо гэта імпартная вытворчасць.
– А чым замяніць?
– Нічога гэтага пакуль няма.
АПТЭКА № 3
Л-тэраксін у нас. Нямеччына, толькі іншы завод.
Шмат якія беларусы, украінцы і расяяне маюць праблемы са шчытападобнаю залозай яшчэ і ў выніку выбуху на Чарнобыльскай АЭС. Тады агульная плошча радыяцыйнага забруджання ў Беларусі склала каля 46-ці з паловаю тысячаў квадратных кіламетраў, ва Украіне былі забруджаныя 50 тысячаў квадратных кіламетраў. У Расеі ад радыеактыўнага забруджання пацярпелі 19 рэгіёнаў з насельніцтвам больш за два з паловаю мільёны чалавек.
«У сярэднім захворванне раку шчытападобнай залозы – гэта 7, 8, 10 чалавек на сто тысячаў насельніцтва. За год гэта прыблізна 2500 пацыентаў у нашай краіне, якія хварэюць на рак шчытападобнай залозы», – кажа эндакрынолаг Богдан Гуда.
Рост найбольш агрэсіўных формаў раку шчытападобнай залозы рэгіструюць ува ўсім свеце, і пакуль навукоўцы ды клініцысты не могуць знайсці прычынаў гэтай з’явы. Каб не прапусціць пачатку хваробы, важна перыядычна рабіць УГД шчытападобнай залозы.
Ігар Віняўскі. «Белсат»