Перанос мясцовых выбараў – каму гэта выгадна і навошта?


Мясцовыя выбары мусілі б адбыцца ў студзені налета. Але Палата прадстаўнікоў ухваліла зварот да Лукашэнкі наконт яшчэ адной змены ў Канстытуцыю: хочуць увесці адзіны дзень галасавання і для мясцовых выбараў, і для выбараў у Нацыянальны сход. А ў сераду на паседжанні палатаў Нацыянальнага сходу зыніцыявалі падаўжэнне паўнамоцтваў мясцовых саветаў. То бок калі абодва законапраекты ўхваляць, мясцовыя выбары адбудуцца толькі ў лістападзе 2023-га. Тлумачаць проста: трэба паспець напоўніцу скарыстацца з новых паўнамоцтваў, якія мусіць надаць дэпутатам рэферэндум датычна зменаў у Канстытуцыі. Выглядае, што пазітыўны вынік галасавання – справа амаль залагоджаная.

«За такі кароткі прамежак часу дэпутаты не змогуць у поўнай меры рэалізаваць свае дэпутацкія паўнамоцтвы, а электаральная кампанія пацягне дадатковыя фінансавыя, арганізацыйныя і тэхнічныя выдаткі», – аргументуе перанос старшыня Менскага абласнога Савету дэпутатаў Наталля Якубіцкая.

Кароткі прамежак часу – гэта год і 10 месяцаў. Ці гэта сапраўдная прычына, каб адмовіцца ад правядзення мясцовых выбараў амаль адначасова з рэферэндумам? Паразважала палітолаг Вольга Харламава:

«Паўнамоцтваў няма ніякіх, альбо гэтыя паўнамоцтвы будуць вельмі абмежаваныя нават з улікам зменаў».

«Адклаўшы правядзенне мясцовых выбараў і не праводзячы іх разам з апланаваным рэферэндумам, дзеючыя беларускія ўлады могуць атрымаць для сябе вельмі вялікія прэферэнцыі, прадэманстраваўшы неверагодныя дэмакратычныя магчымасці».

Экспертка мяркуе, што адная з магчымых мэтаў такога пераносу – выйграць час перад рэферэндумам:

«У дзейных беларускіх уладаў ёсць пэўныя сумненні, што да гэтага часу яны здолеюць зрабіць патрэбную пазітыўную для сябе карцінку. Ім патрэбен час, каб узяць сітуацыю, як яны лічаць, пад поўны кантроль».

Раней гучаў яшчэ адзін аргумент: маўляў, праз частыя выбары ўсе стамляюцца. Але што сапраўды стамляе электарат? Паразважалі жыхары Менску:

«Як быццам камусьці дадуць з нашых людзей туды абірацца».

«Нам трэба змяніць выбарчае заканадаўства, а потым ужо пачынаць давяраць, па новым заканадаўстве выбраць камісіі».

«На мінулых выбарах, па-мойму сябе Цэнтральная выбарчая камісія цалкам дыскрэдытавала».

На заўтрашнім паседжанні Канстытуцыйнай камісіі апроч зменаў у працы мясцовых органаў разгледзяць і замацаванне паўнамоцтваў Усебеларускага народнага сходу. Пра сутнасць гэткіх паўнамоцтваў паразважаў філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч:

«Скасаваць увогуле саму працэдуру выбараў, каб папросту на гэты час не паслабляць, не зрабіць слабай сваю ўладу, а імітаваць прадстаўнічыя органы ці заканадаўчую ўладу праз прызначаных ім людзей».

Што да выбараў у мясцовыя Саветы, то экс-кандыдатка на прэзідэнцтва і былая дэпутатка Ганна Канапацкая ўпэўненая: улады паспеюць іх перанесці. Але наколькі гэта законна?

«Законапраект можа быць прыняты цягам 3–5 дзён. І безумоўна, гэта не можа з’яўляцца падставай для парушэння Канстытуцыі. Калі па Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь выбары ў мясцовы савет павінны прайсці ў студзені, не пазней 2022 года, значыць, мы павінны прытрымлівацца Канстытуцыі, і яны павінны адбыцца».

Паўтара года таму ўлады ўжо аддзялялі дзве выбарчыя кампаніі – парламенцкую і прэзідэнцкую. Адмыслова зрабілі паўгадавую паўзу. Тады Лідзія Ярмошына адкрыта заявіла, што кампаніі трэба развесці, каб прадухіліць моцныя палітычныя хваляванні.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат».