Неба Еўразвязу закрываецца для Беларусі


«Мы не заклікалі і не заклікаем іншыя краіны забараніць палёты Belavia і закрыць авіязносіны з Беларуссю. Важна разумець, што да гэтых забаронаў і такой ізаляцыі прывёў выключна Лукашэнка», – офіс Святланы Ціханоўскай агучыў сваю пазіцыю стасоўна сітуацыі з забаронай Belavia лётаць у Еўразвяз. Тым не менш, Беларусь у пралёце: авіялініі шэрагу краінаў адмовіліся лятаць у нашую краіну і выкарыстоўваць паветраную прастору над ёй. Як гэтыя пастановы ўдараць па Беларусі і кожным з нас.

Самалёт авіякампаніі «Белавія» не вылецеў сёння раніцаю з Менску ў Парыж. Рэйс адмянілі. Французскія ўлады прыпынілі дазвол на палёты беларускага перавозніка. Перад гэтым прымаць беларускія рэйсы адмовіліся Вялікая Брытанія і Літва. Авіязносіны з Беларуссю заўтра спыняе і Украіна. Калі пастанову Саміту Еўрапейскага звязу забараніць беларускім авіякампаніям палёты ў Еўразвяз ухваляць канчаткова, паветраную прастору для беларускіх самалётаў зачыняць таксама іншыя краіны Аб’яднанай Еўропы. Усё праз інцыдэнт з рэйсам «Ryanair», пасля вымушанай пасадкі якога ў Менску затрымалі экс-галоўрэда каналу Nexta Рамана Пратасевіча.

«Безумоўна, такія дзеянні, не могуць застацца без адказу. Таму што калі цяпер спусціць гэта з рук, заўтра Аляксандр Лукашэнка пойдзе далей і зробіць нешта іншае, больш нахабнае і больш жорсткае. Таму адказ павінен быць вельмі прынцыповым», – заявіў міністр замежных справаў Украіны Дмытро Кулэба.

Шэраг еўрапейскіх авіякампаніяў адмовіліся ад палётаў у паветранай прасторы над Беларуссю. Паводле авіяэксперта Багдана Далінцэ, доля еўрапейскіх авіякампаніяў, што транзітам праляталі над Беларуссю, складае каля траціны. Адпаведна, настолькі ж зменшыцца прыбытак для нашае краіны:

«Правайдар авіязносінаў у кожнай краіне забяспечвае пралёт самалёту, каардынацыю і ўздымае за гэта аплату: за кожны кіламетр пралёту з улікам вагі самалёту. Для дзяржаваў, над якімі адбываецца транзіт, гэта сапраўды эканамічна выгадная супраца з авіяперавознікамі. Гэта магчымасць рабіць грошы з паветра».

Паводле «Радыё Свабода» летась абʼём стратаў «Белавіі» склаў амаль 100 мільёнаў рублёў. Аднак авіякампанія атрымала ў лізінг некалькі новых самалётаў і планавала развіваць сеткі маршрутаў. Разам з тым у інтэрнэце зʼявіўся дакумент нібыта ад гендырэктара «Белавіі» пра скарачэнне персаналу «ва ўмовах значнага змяншэння работаў, якія выконваюцца». Інфармацыю гэтую нашым калегам з Еўрарадыё ў прэс-службе «Белавіі» не пацвердзілі, але і не зняпраўдзілі.

«Якое скарачэнне?! Банкруцтва кампаніі! Трэба каб былі і сцюардэсы, і інжынеры… і абслугоўваць тэхніку. Лізінг самалётаў шмат каштуе грошай. Абслугоўванне ўсёй інфраструктуры «Менск-2». І калі ты ўзяў крэдыты, у лізінг самалёты, для таго каб адбіваць, зарабляць. А ты не зарабляеш! Альбо аддаеш усё і траціш грошы, альбо прадаеш кампанію ўсю!», – адзначае эканаміст Яраслаў Раманчук.

«Беларусы вымушаныя будуць лятаць у Еўропу перакладнымі маршрутамі праз Маскву», – адзначае палітолаг Валер Карбалевіч і дадае:

«Мне падаецца, што гэтая сітуацыя шмат што мяняе. Калі дасюль казалі, што Беларусь у міжнароднай ізаляцыі, што гэта – краіна-ізгой, то гэта была хутчэй фігура маўлення, нейкая метафара. Сёння гэта ўжо суровая рэальнасць«.

На нашую просьбу пракаментаваць сітуацыю «Белавія» адказала наступным чынам:

«Вы можаце выслаць нам свае пытанні на пошту – мы разгледзім і дамо адказ».

На сваёй афіцыйнай старонцы «Белавія» запэўнівае пасажыраў, што тыя могуць вярнуць поўны кошт білетаў без штрафаў або змяніць дату вылету на працягу тэрміну дзеяння авіябілета. «Менсктранс» падахвоціўся дапамагчы, заявіўшы, што гатовы пры неабходнасці павялічыць лік аўтобусных рэйсаў у Вільню і Кіеў.

Каця Малей, «Белсат»