Літва пра «замінаванне» самалёта: «дзяржаўны тэрарызм»


Дзяржаўным тэрарызмам у Аб’яднанай Еўропе называюць інцыдэнт з прымусоваю пасадкаю ў Менску самалёту з апазіцыянерам Раманам Пратасевічам на борце. Вызваліць яго і сотні іншых палітвязняў – гучаць заклікі з усіх дэмакратычных дзяржаваў свету. Дзеянні беларускіх уладаў асудзіў нават ХАМАС, ад імя якога (цвердзіў афіцыйны Менск) на электронную скрыню аэрапорту «Менск» прыйшло паведамленне аб замінаванні летака. Прэзідэнт Джо Байдэн, лідары краін Еўразвязу, ААН і іншыя арганізацыі патрабуюць расследавання інцыдэнту і жорсткіх санкцыяў.

Якім будзе канчатковы пакет санкцыяў у дачыненні беларускай улады? Еўропа не адзін месяц шукала кансэнсусу…

Менск дапамог зразумець, што адбываецца ў Беларусі і чым гэта пагражае свету. У Еўрапейскай Радзе гатовыя рэагаваць усе краіны-чальцы, кажа старшыня камітэту па замежных справах Сейму Літвы Жыгімантас Павілёніс:

«Увасобіць чацвёрты пакет эканамічных санкцыяў, які будзе вельмі глыбокі. Мы ведаем, што лідары краінаў ЕЗ далі на гэта палітычную згоду ўчора ўвечары. Цяпер засталіся дэталі».

Прэзідэнт Джо Байдэн гатовы да ўзмацнення санкцыяў супраць нелегітымнай і рэпрэсійнай улады. Абурае спосаб, абраны для магчымасці расправіцца з журналістам і блогерам Раманам Пратасевічам:

Джо Байдэн, прэзідэнт ЗША:

«Я вітаю навіну аб тым, што Еўразвяз заклікаў да мэтанакіраваных эканамічных санкцыяў і іншых захадаў, ды папрасіў маю каманду распрацаваць варыянты прыцягнення вінаватых да адказнасці ў цеснай каардынацыі з Еўрапейскім звязам, іншымі саюзнікамі і партнёрамі, а таксама міжнароднымі арганізацыямі».

Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі 27-га траўня правядзе нараду, датычную паветранага інцыдэнту ў Беларусі. Арганізацыя Абʼяднаных Нацыяў сваю – прававую ацэнку ўжо дала:

Рупэрт Колвіл, управа вярхоўнага камісара ААН у справе правоў чалавека:

«Апроч пытанняў, якія датычаць спадара Пратасевіча… вымушаная пасадка пасажырскага самалёту ў Менску тэрарызавала пасажыраў на борце і падвяргала іх непатрэбнай небяспецы, парушаючы іхныя чалавечыя правы».

На эскалацыю абуральнай дзейнасці беларускага рэжыму краіны Захаду маюць адказаць комплексным ціскам – лічыць і былы амбасадар Вялікай Брытаніі ў Беларусі Найджэл Ґулт-Дэйвіс.

«Патрэбнае адсочванне фінансавых плыняў на ўсіх кірунках, якімі беларускія дзяржаўныя кампаніі атрымліваюць доступ да заходніх фінансаў і рынкаў. Гэтыя грашовыя плыні дапамагаюць падтрымліваць рэжым. Важна адкалібраваць рэакцыю, зрабіць яе больш сур’ёзнай. І зноў жа, гэта не будзе чарадзейным крокам. Не пацягне імгненных наступстваў».

Ацаніць міжнародную рэакцыю і яе наступствы ды даць адказ на абвінавачанні – сёння яшчэ не гатовы Аляксандр Лукашэнка. Абяцаная прэсавай сакратаркай Наталляю Эйсмант прамова будзе не сёння, а заўтра:

«На яе будуць запрошаныя не толькі дэпутаты і сенатары і не толькі чальцы канстытуцыйнай камісіі, але і чальцы ўраду, іншых дзярж-структур, губернатары а таксама людзі, якія фармуюць меркаванне», – сказала яна сёння.

Чаму званы спадарыняю Эйсмант «Першы» так доўга маўчыць і збірае групу падтрымання? Каментуе палітолаг Сяргей Нікалюк:

«Падзея гэта захоплівала грамадзянаў з іншых краінаў, таму ўся Еўропа на гэта бурліва рэагуе, то дастаткова выступіць у наўпроставым эфіры».

Хто прайшоў палітычныя рэпрэсіі, не сумняюцца, што ў СІЗА №1 Рамана Пратасевіча катавалі і шантажавалі. Інакш навошта пагаджацца на падобныя прамовы:

«Цяпер я знаходжуся ў СІЗА №1 гораду Менску. Магу заявіць, што ніякіх праблемаў з сэрцам ці нейкімі іншымі ўнутранымі органамі ў мяне няма. Стаўленне з боку супрацоўнікаў да мяне максімальна карэктнае і згодна з Законам», – казаў ён…

Вось толькі нос зламаны і голас дрыжыць – заўважыла маці палітвязня. На твары сляды гвалту – казалі таксама спікеры з ААН, у якіх няма ўпэўненасці, што Раман быў аўтарам тэксту, які хутка і без замінкі прагаворваў.

421-ы палітвязень Беларусі – новая ахвяра тэрарыстычнага рэжыму, – заявіла сёння Святлана Ціханоўская і нагадала – нам трэба не спыненне палётаў над Беларуссю, а падтрымка грамадзянаў і жорсткія санкцыі супраць улады.

«Па сканчэнні гэтых трох дзён мы бачым, што Лукашэнка дамогся таго, што рэжым незваротна зрабіўся ізгоем. І мы працягнем працу, каб вызваліць Беларусь ад яго згубнага ўплыву і выратаваць усіх нявінна пацярпелых людзей», – заявіла Ціханоўская.

Між іншых каманда Святланы Ціханоўскай і Народнае антыкрызіснае ўпраўленне Паўла Латушкі звярталіся да дэмакратычных дзяржаваў з заклікам расследаваць факт захопу самалёта, падтрымаць прыпыненне чалецтва Беларусі ў міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі і Інтэрполе і абмеркаваць шляхі выйсця з крызісу на саміце Вялікай сямёркі ў Лондане.

Юлія Цяльпук, «Белсат»