Веснавая пасадка ў Міністэрстве лясной гаспадаркі. Што вядома пра затрыманне міністра Віталя Дрожжы?


Паводле папярэдняй інфармацыі, прычынай затрымання міністра лясной гаспадаркі магло быць атрыманне хабару.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Адметна, што адносна нядаўна, падчас сакавіцкай нарады з удзелам у тым ліку Дрожжы, Лукашэнка назваў магчымыя прычыны ягонага арышту:

«Ёсць выпадкі скажэння інфармацыі аб фактычна выкананых працах – ну гэтак так званыя прыпіскі. За гэта хтось можа проста сесці ў турму – я вас папярэджваю. Не заўжды ажыццяўляецца патрэбны ўлік нарыхтаванай драўніны, што стварае перадумовы для карупцыі і крадзяжоў».

І ўсё ж хабарніцтва – прычына хутчэй фармальная, лічыць кіраўнік аддзелу расследаванняў «Белсату» Станіслаў Івашкевіч. У праграме «Давайце разбірацца» на «Белсаце» неаднаразова выкрываліся карупцыйныя схемы ў дрэваапрацоўцы, аднак яны рэдка выклікалі рэакцыю з боку афіцыйнага кіраўніцтва Беларусі.

«З увагі на ўзровень карупцыі ў дрэваапрацоўцы, пасадзіць заўжды ёсць за што тых, хто гэта пакрывае. Мы рабілі на «Белсаце» ў выданні «Давайце разбірацца» расследаванні пра тое, як, напрыклад, мадэрнізаваўся «ФанДОК», як там закуплялі за шматразовы кошт абсталяванне. З другога боку, узнікае пытанне: чаму менавіта цяпер? – бо доўжылася гэта заўсёды», – кажа Станіслаў Івашкевіч.

Адной з прычынаў затрымання Віталя Дрожжы можа быць правал загаду Лукашэнкі наконт перанакіравання экспарту беларускай драўніннай прадукцыі з Захаду на Усход. Летась з Беларусі экспартавалі драўніны і прадуктаў з яе на $ 2,3 млрд, з чаго $ 1,4 млрд – у Еўразвяз. Пасля ўвядзення Еўразвязам поўнай забароны на пастаўкі з Беларусі з 9 сакавіка было страчана больш за 60 % рынку. Хоць Дрожжа супакойваў працаўнікоў лясной гаспадаркі. Маўляў, знойдзем іншыя рынкі для экспарту:

«На Еўрапейскі Звяз у нас з вамі найбліжэйшым часам не будзе магчымасці выгружацца. Але ў нас ёсць поўнае разуменне таго, што мы будзем працаваць на кітайскі рынак. Напэўна, будзе пэўнае падзенне ў кошце. Напэўна, будуць пэўныя нязручнасці з лагістыкай».

Таксама адмыслоўцы сцвярджаюць, што кепскія ўмовы для экспарту супалі з істотным павелічэннем аб’ёмаў высякання лесу ў спадзеве на выгадны продаж у Еўропе – адпаведна, пры росце выдаткаў прыбыткі рэзка скараціліся.

«Нават пастаўкі ў другі бок – на Кітай, куды ішла вялікая частка беларускага экспарту, таксама могуць зазнаваць істотныя праблемы праз тое, што ў Беларусі адабралі сертыфікат FSC. Лясная апякунчая рада (Forest stewardship council) – гэта арганізацыя, якая гарантуе, што лес быў здабыты пры пільнаванні ўсіх экалагічных, этычных ды іншых нормаў. І калі самім кітайцам на гэты сертыфікат пляваць дзе-нідзе, справа ў тым, што яны вялікую частку сваёй прадукцыі экспартуюць у той жа Еўразвяз, Злучаныя Штаты», – дадае Івашкевіч.

У самім жа Міністэрстве лясной гаспадаркі арышту Дрожжы не пацвярджаюць, кажуць, што кіраўнік на бальнічным.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат»