«Расея цярпіць паразу. Украіна перамагае». Украіна працягвае супрацьстаяць расейскай агрэсіі


Злучаныя штаты Амерыкі паабяцалі Украіне новую ваенную дапамогу – фінансаванне і боепрыпасы на суму больш за 465 мільёнаў долараў. Гэтаксама Джо Байдэн пацвердзіў сустрэчу амерыканскіх чыноўнікаў з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім. Баі за незалежнасць Украіны працягваюцца. На Харкаўшчыне з-за абстрэлаў расейскіх войскаў загінулі тры асобы, у Вінніцкай вобласці – пяцёра.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Расейскае міністэрства абароны паабяцала рэжым цішыні каля заводу «Азоўсталь» у Марыупалі а 14-й гадзіне. І запрасіла марыупальцаў, якія хаваюцца ў бункеры заводу, выходзіць адтуль. Але потым стала вядома, што гэта толькі словы, бо Расея не дала гарантыяў бяспекі тым, хто хацеў бы эвакуявацца гуманітарным калідорам.

«На Данецкім і Таўрыйскім кірунку праціўнік здзейсніў артылерыйскія абстрэлы пазіцыяў Збройных сілаў Украіны. У Марыупалі вораг ажыццявіў ракетна-бомбавыя ўдары па пазіцыях нашых войскаў на тэрыторыі заводу “Азоўсталь”», – зачытаў справаздачу прадстаўнік Генштабу ЗСУ Аляксандр Штупун.

У бункеры «Азоўсталі» ад бамбёжак і зачыстак хаваецца каля тысячы марыупальцаў, вельмі шмат дзяцей. Байцы палку «Азоў» надаюць ім ахову і дапамогу, дзеляцца ежай. Марыупаль цалкам заблакаваны расейскімі войскамі.

Саюзнікі дапамагаюць, чым могуць. Ва Украіну ўжо дастаўленыя першыя амерыканскія гаўбіцы калібру 155 міліметраў – агулам іх будзе некалькі дзясяткаў. Таксама Пентагон пашырыць навучанне ўкраінскіх вайскоўцаў, каб яны маглі карыстацца новай зброяй, якую перадаюць саюзнікі. Гэта адзін з асноўных вынікаў візіту ў Кіеў міністра абароны і дзяржаўнага сакратара ЗША.

«Расея цярпіць паразу. Украіна перамагае. Расея імкнулася цалкам падпарадкаваць Украіну, пазбавіць яе суверэнітэту, незалежнасці. Гэтага не выйшла. Расея хацела скарыстаць усю моц сваёй арміі і гаспадаркі. І цяпер мы бачым адваротнае: драматычна адсталае войска і эканоміка ў руінах – у выніку санкцыяў і масавага сыходу з Расеі», – заявіў дзяржсакратар ЗША.

Як паведаміў Тоўні Блінкен, Злучаныя Штаты вяртаюць сваіх дыпламатаў ва Украіну. Таксама прэзідэнт Джо Байдэн прызначыць новага амбасадара ў Кіеве.

Міністр абароны ЗША ў сваю чаргу выказаў павагу і захапленне гераічнымі дзеяннямі ўкраінскіх вайскоўцаў у абароне Кіева. Лойд Остын сустрэўся ў тым ліку з міністрам абароны Украіны Аляксеем Рэзнікавым і камандуючым Збройнымі сіламі Украіны Валерыем Залужным.

«Мы тут, каб падтрымаць вас любым магчымым спосабам. Мы абяцаем даць дапамогу ў справе бяспекі на мільярд долараў у дадатак да іншых справаў, намі ўжо зробленых», – падкрэсліў Лойд Остын.

Бліжэйшым часам Лойд Остын збірае нараду міністраў абароны і галоўнакамандуючых дзяржаваў саюзнікаў, каб паскорыць аказанне дапамогі для Украіны.

«Прыярытэты нашай сённяшняй сустрэчы – гэта зброя і падтрыманне з боку ЗША і з боку нашых партнёраў, еўрапейскіх лідараў, у пытанні моцы нашай арміі», – заявіў падчас сустрэчы ўкраінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі.

Баявыя дзеянні працягваюцца. Украінскія вайскоўцы апублікавалі відэа знішчэння расейскай бранятэхнікі ў Запарожскай вобласці, а таксама як у Харкаўскай вобласці быў збіты расейскі бамбавальнік.

Разам з тым у Расеі адбываюцца выбухі. У Бранску ў выніку меркаванага трапляння ракетаў загарэлася нафтабаза і ваенная база. І там, і там былі вялікія аб’ёмы паліва для расейскай арміі.

А расейскія войскі абстралялі ракетамі чыгуначныя абʼекты ў Вінніцкай вобласці. Над Тэрнопалем некалькі крылатых ракет расейцаў удалося збіць.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»