Новае расследаванне ад «ByPol» ставіць «тоўстую кропку» на ДЗАВД


«У гісторыі ДЗАВД як самай сакрэтнай некалі службы МУС «ByPol» на гэтым ставіць тоўстую кропку», – так прадстаўнік ініцыятывы «ByPol» Алег Талерчык акрэсліў новае расследаванне.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Дэпартамент забеспячэння аператыўна-вышуковай дзейнасці (ДЗАВД, ў расейскамоўным скарачэнні ДООРД) – структура Міністэрства ўнутраных справаў, фактычна выведка, што займаецца назіраннем, праслухоўваннем, сачэннем ды іншымі сакрэтнымі метадамі працы.

«Паколькі на сённяшні дзень Міністэрства ўнутраных справаў фактычна ператварылася ў палітычны вышук, то і гэты дэпартамент фактычна сёння займаецца тым, што працуе супраць грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, добрасумленных грамадзянаў, якія ведаюць Канстытуцыю РБ і спрабуюць адстойваць свае правы і свабоды», – кажа Алег Талерчык.

У адным з папярэдніх расследаванняў «ByPol» ужо распавядаў пра дзейнасць ДЗАВД. Сённяшні ж выпуск прысвяцілі расшыфроўванню легендаваных арганізацыяў, то бок арганізацыяў з канспірацыйнай легендай, пад чыёй шыльдай насамрэч працуюць структуры дэпартаменту.

«Вось будынак ДЗАВД, размешчаны на юрыдычным адрасе дзяржаўнай навукова-даследчай установы «БелКомСістэм» – горад Менск, вуліца Геалагічная, 76. Тут дыслакуецца адно з падраздзяленняў вонкавага назірання», – тлумачыць у расследаванні Алег Талерчык.

«БелКомСістэм» – зусім не адзіная легендаваная арганізацыя. Дзяржаўная праектная ўстанова «Гразаліт», напрыклад, у Менску месціцца проста на тэрыторыі вайсковай часткі.

«Аднапавярховы ўніверсам «Суседзі», у падвале якога пад дзіўным парадкавым нумарам дзевяноста размяшчаецца «памяшканне спецыялізаванае для органаў дзяржаўнага ўпраўлення, абароны, дзяржаўнай бяспекі, унутраных справаў», а людской мовай – цір», – паказвае чарговую мапу Алег Талерчык.

Байполаўцы дзякуюць за атрыманую інфармацыю новаму кіраўніку ДЗАВД, палкоўніку Андрэю Паршыну, які яшчэ нядаўна кіраваў ГУБАЗіКам. І папярэджваюць, што маюць яшчэ шмат інфармацыі.

«Рассакрэчванне гэтых аб’ектаў, паводле правілаў, выклікае іх перадыслакацыю і новую легенду, але гэта вельмі вялікія грошы. Таму ніхто гэтым займацца не будзе, на гэта няма сродкаў ні фізічных, ні матэрыяльных», – кажа Алег Талерчык.

Кожная ж чарговая публікацыя «ByPol» наносіць чарговую незаменную страту цяперашняй уладзе, перакананы прадстаўнік ініцыятывы.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»