Харкаў пад абстрэламі ворага: «На сённяшні дзень у нас разбурана каля 2000 будынкаў»


Чарговы жылы дом у Харкаве быў абстраляны. Удар прыйшоўся па франтальным баку. Кватэра згарэла поўнасцю, аб пацярпелых пакуль інфармацыі няма. Расейскія войскі бамбяць Харкаў, дзе застаецца шмат мірных жыхароў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Сцяпан і ягоная жонка былі ў падвале, калі іхны раён пачалі бамбардаваць. Калі ўсё сціхла, яны забралі кошку, рэчы і з’ехалі з дому. Праз паўтара месяца Сцяпан вярнуўся, бо гэта, кажа, ягоны дом. Але жыць у ім амаль немагчыма.

Гэта Салтаўка. Адзін з трох раёнаў Харкава, што найбольш пацярпелі ад расейскіх абстрэлаў.

«У нас вельмі многія людзі апынуліся без дамоў. На сённяшні дзень у нас разбурана каля 2000 будынкаў – гэта каласальныя лічбы людзей, якія засталіся без прытулку над галавой. Праблема яшчэ ў тым, што ў нас няма гарадскога транспарту. Метрапалітэн мы не можам запусціць, таму што ў дадзены момант – гэта бамбасховішча. Частка гарадскога аўтапарка: тралейбусы, трамваі, аўтобусы – яны былі знішчаныя падчас абстрэлаў», – распавядае карэспандэнт тэлеканалу LIVE Юлія Бойка.

Харкаў – другі паводле насельніцтва горад Украіны. Да вайны тут жылі каля паўтара мільёна чалавек. Цяпер ужо больш за 600 тысяч эвакуяваліся, але ёсць тыя, хто застаўся ўдома і выжывае без вады, газу і электрычнасці.

«Пустыя дамы, нас тут 10 чалавек засталося. І страляюць, і страляюць. Няма ні вады, ні газу, толькі святло ёсць. На электрапечцы ёсць рыхтую. Кожны дзень, кожную ноч страляюць. Выехаць кудысьці – мне няма куды, сваякоў у мяне няма. Я ўжо адаптавалася, я ўжо не рэагую на гэтыя стрэлы. Калі бліжэй пачынаецца, то я ўцякаю ў дом – калі нешта здарыцца, так будуць хоць ведаць, хто. А то на дарозе сабакі косткі парасягваюць», – дзеліцца перажываннямі мясцовая жыхарка Кацярына.

У мясцінах, што кожны дзень зазнаюць абстрэлы, людзі практычна жывуць у падвалах. Ежу ім прывозяць валанцёры, са словаў мясцовых жыхароў, нават пад моцнымі абстрэламі. Па ваду даводзіцца хадзіць на крыніцу. Або на раку. Таксама часта пад абстрэламі. Не кожны вытрымае такое жыццё.

Мясцовая жыхарка Ірына зараз жыве ў метро: «Ужо амаль 2 месяцы мы тут жывем невылазна. Дома жыць вельмі небяспечна, таму што бамбяць, бамбяць не толькі вайсковыя часткі, бамбяць жылыя дамы, забіваюць, аскепкі, у дварах снарады трапляюць выразна ў дзіцячыя пясочніцы».

Часцей за ўсё «прылятае» ў пэўныя раёны, але вайна адчуваецца ва ўсім горадзе. Многія прадпрыемствы закрыліся, людзі засталіся без працы і сродкаў да існавання. У горадзе ўведзеная каменданцкая гадзіна.

«Нейкія кропкавыя прадпрымальнікі павыводзілі сваіх супрацоўнікаў на працу, але многія ўсё ж такі працягваюць сядзець дома і вось у многіх пачынаецца той момант, калі проста няма на што жыць, таму што была нейкая падушка бяспекі, але яна мае ўласцівасць заканчвацца», – распавядае карэспандэнт тэлеканалу LIVE Юлія Бойка.

Пакуль харкаўчане святкавалі Вялікдзень, іхны горад ізноў бамбілі. Бамбяць і сёння. Нягледзячы на гэта, камунальныя службы высаджваюць па ўсім горадзе кветкі.

Ніка Несцярэнка, «Белсат»