Улады Беларусі атакуюць саюз палякаў


Генеральная пракуратура распачала крымінальную справу супраць старшыні Саюзу палякаў у Беларусі Анджэлікі Борыс ды іншых чальцоў арганізацыі. Іх абвінавачваюць у распальванні нацыянальнай варожасці. Падставаю сталі гістарычныя і культурніцкія імпрэзы, якія ладзіліся цягам апошніх трох гадоў. Чаму ўлады гадамі не рэагавалі на гэтыя падзеі?

На ціск на Саюз палякаў у Беларусі адказаць эканамічнымі ды гандлёвымі санкцыямі супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Прэм’ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі даў зразумець, што сітуацыя вакол польскае меншасці ў Беларусі не застанецца без рэакцыі.

«Мы заклікаем беларускія ўлады апамятацца. Палякі ў Беларусі абагачаюць беларускую культуру і ў той жа час клапоцяцца пра захаванне польскай культуры. Яны добрыя грамадзяне Беларусі, і яны не здзейснілі нічога дрэннага, таму мы будзем рабіць усё, каб ім дапамагчы. Палякі могуць разлічваць на падтрыманне з боку дзяржавы», – заявіў прэмʼер-міністр Польшчы Матэуш Маравецкі.

Спынення рэпрэсіяў супраць актывістаў Саюзу палякаў у Беларусі запатрабавала і Міністэрства замежных справаў Польшчы:

«Гэтыя дзеянні супярэчаць усім міжнародным забавязанням, а таксама двухбаковым дамовам, такім, як Польска-беларуская дамова аб добрасуседстве», – гаворыцца ў заяве намесніка міністра замежных справаў Польшчы Марціна Пшыдача.

23 сакавіка затрымалі старшыню Саюзу палякаў у Беларусі Анджэліку Борыс, яе пакаралі 15-дзённым арыштам. А сёння зранку міліцыянты прыйшлі дадому да журналіста і сябры рады Саюзу – Анджэя Пачобута. У доме адбыўся ператрус, Пачобута затрымалі.

«Забралі тэхніку ўсю, што была ў хаце. Нашую і тэхніку дзяцей. Тэлефоны таксама. Тэлефон поўнагадовай дачкі, тэлефон няпоўнагадовага сына. Забралі карту паляка і нейкую літаратуру на польскай мове, якая іх асабліва зацікавіла. Забралі нейкія аркушы А4, флэшкі» – распавядае жонка Анджэя Пачобута Аксана.

Акрамя таго, супрацоўнікі міліцыі прыйшлі да іншых чальцоў рады Саюзу палякаў: дырэктаркі грамадскай школы ў Ваўкавыску Марыі Цішкоўскай ды кіраўніцы лідскага аддзелу СПБ Ірэны Бярнацкай. Жанчын затрымалі ды павезлі ў Менск. У грамадскай школе і рэдакцыі пры сядзібе Саюзу палякаў у Горадні падчас ператрусаў вынялі камп’ютары, польскую літаратуру, газеты і часопісы.

«Сёння ўлады ўдарылі ў найбольш важныя кропкі: галоўную сядзібу і найбольш актыўныя аддзелы, у Ваўкавыску і Лідзе, дзе існуюць школы навучання польскай мове», – распавядае прэс-сакратар Саюзу палякаў у Беларусі Анджэй Пісальнік.

Прэсавая служба Генеральнай пракуратуры Беларусі паведаміла аб узбуджэнні супраць старшыні Саюзу палякаў у Беларусі Аджэлікі Борыс і «іншых асобаў» крымінальнае справы паводле артыкулу 130 Крымінальнага кодэксу: «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варажнечы».

«Пазначаныя грамадзяне, якія пазіцыянуюць сябе як чальцы вышэйпазначанага саюзу, з 2018 года да сённяшняга часу на тэрыторыі гораду Горадні ды іншых населеных пунктаў вобласці з прыцягненнем няпоўнагадовых арганізавалі і правялі шэраг незаконных масавых мерапрыемстваў для ўшанавання ўдзельнікаў антысавецкіх бандфармаванняў, якія дзейнічалі падчас і пасля Вялікай Айчыннай вайны», – гаворыцца ў заяве Генпракуратуры.

Гэта ўжо другая крымінальная справа паводле дадзенага артыкулу. 10 сакавіка справу завялі па факце правядзення ў Польскай сацыяльнай школе скаўтаў імя Рамуальда Траўгута ў Берасці падзеі, прысвечанай вайскоўцам польскай Арміі краёвай. Тады сілавікі затрымалі дырэктара школы Ганну Панішаву, а беларускае МЗС запатрабавала ад генеральных консулаў Польшчы ў Горадні ды Берасці пакінуць краіну. Польшча адказала высыланнем беларускіх консулаў з Беластоку і Варшавы.

На думку палітолага Валера Карбалевіча, такія дзеянні ўладаў Беларусі скіраваныя, перш за ўсё, на фармаванне вобразу замежнага ворага ва ўмовах унутрыпалітычнага крызісу.

«Польшча падыходзіць на гэтую ролю. Тут можна абудзіць і гістарычныя комплексы. З тэрыторыі Польшчы вяшчае і «Белсат», тэлеграм-каналы, адзін з якіх стварыў фільм «Залатое дно», што вельмі непрыемна для ўладаў», – разважае Валер Карбалевіч.

Польшча, як і іншыя краіны Еўрапейскага Звязу, не прызнала вынікаў выбараў 2020 года. Краіна традыцыйна падтрымлівае беларускую грамадзянскую супольнасць ды тых апанентаў рэжыму, якія былі вымушаныя пакінуць Беларусь.

Алесь Баразенка, «Белсат»