Хваля рэпрэсіяў не мае аналагаў у гісторыі незалежнае Беларусі. Справаздача аб рэпрэсіях


Судовы канвеер працуе настолькі хутка, што праваабаронцы не паспяваюць канстатаваць і апісваць усіх палітычных справаў. Нават колькасць прызнаных палітычных вязняў – прыблізная, сапраўдныя лічбы могуць быць у разы большыя.

Старшыня Следчага камітэту Іван Наскевіч напярэдадні налічыў амаль 2300 крымінальных справаў супраць удзельнікаў паслявыбарчых пратэстаў.

«Тактыка ўладаў зразумелая: запужаць людзей, нагнаць страх, прымусіць баяцца, каб людзі не выходзілі на вуліцу, не пратэставалі. Тактыка застрашвання, якую ўлады намагаліся зрэалізаваць у першыя тры дні пасля выбараў», – кажа палітолаг Валер Карбалевіч.

Цяперашняя хваля рэпрэсіяў не мае аналагаў у гісторыі незалежнае Беларусі. Сярод суседзяў параўнаць дзеянні ўладаў Беларусі можна хіба з ваенным становішчам у Польшчы пачатку 1980-х гадоў, калі ўрадам Ярузэльскага былі рэпрэсаваныя больш за дзесяць тысяч палякаў. За два гады ваеннага становішча прынамсі сотню асобаў забілі.

А ў нашай краіне, згодна толькі з афіцыйнымі звесткамі, у паслявыбарчы перыяд у следчыя органы падалі 4644 заявы пра неправамерны гвалт і ўжыванне спецсродкаў сілавікамі, але не распачалі ніводнай крымінальнай справы.

«Тлумачаць гэта некалькімі момантамі: ці тым, што не знайшлі пацверджання таго, што напісана ў заяве, альбо тлумачыцца, што сілу супрацоўнікі міліцыі ўжывалі прапарцыйна і законна», – кажа праваабаронца Наста Лойка.

Больш за тое, аб’ектамі пераследу нярэдка становяцца самыя пацярпелыя. 49 асобаў, якія заявілі пра гвалт з боку міліцыянтаў, – падазраваныя ды абвінавачаныя ў крымінальных справах, яшчэ 800 атрымалі адміністратыўнае пакаранне.

«Вядома, аб прававым стане ў дзяржаве казаць вельмі сумна: прававыя механізмы не працуюць, суды відавочна падпарадкоўваюцца выканаўчай уладзе, і таму мы бачым усе гэтыя несправядлівыя прысуды, і людзі на шмат гадоў пазбаўляюцца волі», – працягвае Наста Лойка.

Масавыя рэпрэсіі ды выпадкі парушэння правоў чалавека ў Беларусі сталі прадметам разгляду ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, аднак афіцыйны Менск сваёй віны не прызнае.

«Мы катэгарычна не згодныя з суб’ектыўнымі абвінавачаннямі ў парушэннях правоў чалавека, якія гучаць на наш адрас у Радзе правоў чалавека ААН з боку шэрагу краінаў. Няма нагодаў для эксклюзіўнай увагі да Беларусі ў тэме правоў чалавека», – заявіў міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей.

Згодна з падлікамі айчынных праваабаронцаў, за апошнія паўгода ў Беларусі рэпрэсіі зазналі прынамсі 30 тысячаў чалавек, лік зняволеных ідзе на тысячы. На 25 лютага палітычнымі вязнямі прызнаная 251 асоба.

Алесь Баразенка, «Белсат»