Прысуды 25 лютага: ад 4,5 гадоў калоніі да года «хатняй хіміі»


Суд адбыўся. Відэаматэрыялы справы 26-гадовага менчука Рыгора Давыдава – сабе, а іхная трактоўка – сабе. Асоба, якую немагчыма вызначыць (са словаў дзяржабвінаваўцы) «замахваецца нявызначаным прадметам». Супрацоўнікі, у бок якіх нібыта рабіўся замах, таксама нявызначаныя: справа – без пацярпелых. Аднак паводле суддзі Юліі Блізнюк Рыгор Давыдаў – злачынца.

«Слова злачынца – гэта ўвогуле не для яго. Мы з жонкаю яго выхоўвалі асобаю справядлівай. Вядома, што ён мае ўласнае меркаванне – ён мужчына і грамадзянін», – каментуе бацька пакаранага Анушаван Давыдаў.

Як усе супрацоўнікі Міністэрства надзвычайных сітуацыяў, Рыгор даваў клятву служыць, ратаваць, дапамагаць. Абвінаваўца казаў пра агрэсію і пра супраціў калегам з іншага міністэрства.

Валанцёр праваабарончага цэнтру «Вясна» спадар Максім зрабіў выснову:

«Актыўнага супраціву і не было, і супраціў міліцыянтам аказвала асоба, падобная на Рыгора Давыдава. Нідзе не ўсталявана, што гэта Рыгор Давыдаў. Таму сёння чалавек атрымаў 4,5 года ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, які гэтага абсалютна не заслугоўвае».

У судзе Цэнтральнага раёну Менску таксама судзяць 26-гадовага былога супрацоўніка МНС. Яўген Дзмітрыеў чацвёртага кастрычніка кінуў металічную трубу ў вадамёт. Вырак – назаўтра.

Гэтага ж дня – Суд Цэнтральнага раёну Менску прысудзіў восем месяцаў калоніі Наталлі Раентавай, якая ўкусіла амапаўца, калі той у цывільным затрымліваў яе з братам у тралейбусе.

«Яе спрабавалі затрымліваць людзі ў «трэніках», без апазнавальных знакаў. Абарона – не злачынства з ейнага боку. Гэта злачынства наадварот з таго боку. Таму я выступае за тое, каб усталявалася вершавенства Закона ў гэтай краіне», – лічыць прысутная на судзе спадарыня Ірына.

Пад вартаю Наталля ад 29 верасня 2020-га года, таму адбыць ёй засталося тры месяцы.

А ў Берасці ўдзельнікам вулічнага карагоду 13-га верасня вынеслі першыя 10 прысудаў. Суддзя Святаслаў Каліна прызнаў іх грубымі парушальнікамі грамадскага парадку.

«Хімія» без накіравання:

Марына Глазава – 1,5 года,

Яраслаў Ярашук – 1,5 года,

Марына Сірэцан – 1 год.

«Хімія» з накіраваннем:

Мікалай Федарэнка – 1,5 года,

Яўген Калпачык – 1,5 года,

Аляксей Якубук – 1,5 года,

Віктар Дзенісенка – 1,5 года,

Віталь Літвін – 1,5 года,

Максім Жараў – 2 гады,

Вадзім Варановіч – 2 гады.

«Я спачатку пацешыўся, бо што такое паўтара гады «хіміі» у параўнанні з іншымі тэрмінамі, якія цяпер даюць? Але потым я пастаяў падумаў – гэта тэрмін за ўдзел у карагодзе. Якія паўтары гады за карагод?! Гэта жэсць!» – абураецца асуджаны сёння Віталь Літвін.

У карагоднай справе на выракі чакаюць яшчэ каля 40 асобаў.

Юлія Цяльпук, «Белсат»