«Перабудова Савету бяспекі». Чарговы крок у бок транзіту ўлады

Лукашэнка абвесціў перабудову. Не глабальную, а толькі адной структуры – Савету бяспекі, які назваў Штабам прэзідэнта па абароне і бяспецы.

Абвесціўшы 2021-шы – Годам народнага адзінства, Аляксандр Лукашэнка канстатуе: год будзе няпросты, а грамадства да канца не разумее працэсаў развіцця Беларусі. Працягваюцца пошукі ворагаў.

«Паціху, не мыццём ды катаннем, хочацца разгайдаць Беларусь. І сігналы, не проста сігналы, гэта канкрэтныя дзеянні ідуць з-за мяжы. На шчасце, мы знайшлі ўсе гэтыя цэнтры, ведаем усіх гэтых змагароў і беглых з Беларусі. Але ведаць мала, гэтаму трэба супрацьстаяць», – падкрэслівае дыктатар.

У сувязі з гэтым, на думку Лукашэнкі, трэба ўзмацніць працу Савету бяспекі, дашліфаваць некаторыя нарматыўныя акты, пашырыць спіс сталых чальцоў. Аб гэтым ішла размова падчас сустрэчы з сакратаром Савету бяспекі Аляксандрам Вальфовічам. Узмацненне органу ідзе ў адным рэчышчы з наданнем канстытуцыйных паўнамоцтваў Усебеларускаму народнаму сходу ў межах так званага транзіту ўлады, упэўнены эксперт украінскага Інстытуту будучыні Ігар Тышкевіч

«Пытаннямі стратэгіі, пытаннямі Канстытуцыі будзе апекавацца Усебеларускі народны сход, а Савет бяспекі – тая структура, якая можа рэагаваць на тактычныя выклікі альбо карэктаваць тактычны курс», – адзначае палітолаг.

Галоўная мэта Савету бяспекі – абарона дзяржаўных інтарэсаў. У яе вузкае кола – так званы сталы склад – уваходзяць прэм‘ер-міністр, кіраўнікі абедзвюх палатаў парламенту, Адміністрацыі прэзідэнта і дзяржсакратар. Кіруе саветам асабіста Аляксандр Лукашэнка. Чальцамі савету паводле пасадаў ёсць яшчэ 14 кіраўнікоў міністэрстваў і ведамстваў, у тым ліку міністры абароны, унутраных справаў, старшыня КДБ. Цяпер іх плануюць увесці ў сталы склад. З 2007 года туды ўваходзіць і памочнік Лукашэнкі ў сферы нацыянальнай бяспекі і ягоны старэйшы сын Віктар. Савет бяспекі створаны пастановай Вярхоўнага Савету Беларусі яшчэ ў 91-м годзе, і цяпер надышоў час яго ўзмацніць, лічыць Ігар Тышкевіч.

Палітолаг упэўнены: «Такі орган дзяржаве патрэбны, незалежна ад таго, хто з’яўляецца прэзідэнтам. 1013 Пытанне ў тым, ці будзе спрабаваць Лукашэнка выкарыстаць узмацненне Рады бяспекі дзеля таго, каб магчымы транзіт улады пайшоў па яго сцэнары? Так будзе! Але гэта не азначае, што сам орган кепскі», – падкрэслівае палітолаг.

Каб магчымы транзіт улады прайшоў элегантна, беларускія ўлады нарошчваюць рэпрэсіі і актыўна рыхтуюцца да вясновых пратэстаў.

Ігар Станкевіч, «Белсат»

Глядзі таксама