«У грамадстве ёсць патэнцыял для расколу на ўзроўні ідэяў, установак». Адзінства падчас рэпрэсіяў


Аб’яднаць беларусаў Лукашэнка пастанавіў яшчэ 1-га студзеня, калі абвесціў 2021 – Годам адзінства. У плане аб’яднання нацыі – 106 мерапрыемстваў. Тут і Усебеларускі народны сход, і аўтапрабегі з вайскова-патрыятычнымі лагерамі, і акцыі пасадкі лесу, і форумы для зносінаў маці і краіны. Сёння распачаўся выбар даты Дня народнага адзінства.

«Цяпер не той час, каб выбіраць Дзень народнага адзінства, калі адбыліся падзеі мінулага года, і, як мы кажам, рэвалюцыя ў Беларусі толькі пачалася, яна не завершаная, у нас няма адзінства ў краіне. Дзень яднання павінен быць не адным днём у годзе ці ў дзесяць гадоў, ён павінен быць пастаянна», – кажа гісторык Ігар Кузняцоў.

«У грамадстве цяпер ёсць патэнцыял для расколу на ўзроўні ідэяў, установак, на ўзроўні палітычных перавагаў ён ёсць дакладна. З улікам таго, што групы, якія падтрымліваюць розныя палітычныя бакі, – бакі дзейнай улады і прыхільнікі пратэстаў – прыкладна роўныя памерам, з-за таго, што гэта вялікія групы, застаецца перакананне, што за іхны бок большасць», – лічыць сацыёлаг Алена Арцёменка.

Выбар даты новага дзяржаўнага свята абмежавалі. Нельга прапанаваць сваіх варыянтаў ці прынамсі паглядзець вынікі галасавання. У якасці новых святочных дзён можна абраць ці 17-га верасня, ці 14-га лістапада.

«17 верасня пачаўся паход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну. Гэта паклала пачатак ліквідацыі гістарычнай несправядлівасці ў дачыненні беларускага і ўкраінскага народаў, звязанай з Рыжскай мірнай дамовай… 14 лістапада 1939 года працэс абʼяднання беларускага народу завяршыўся», – заявіў рэктар Акадэміі кіравання пры прэзідэнце РБ Вячаслаў Даніловіч.

Геаграфічна, дзве часткі Беларусі ў гэты дзень сапраўды былі сілаю абʼяднаныя. Гісторык жа Кузняцоў гэтыя даты звязвае з агрэсіяй Савецкага Саюзу супраць суверэннай Польскай дзяржавы.

«Больш за 200 тысяч палякаў, беларусаў, габрэяў, прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў, якія пражывалі ў Заходняй Беларусі, былі рэпрэсаваныя з кастрычніка 1939-га да чэрвеня 1941 года. Людзі страцілі магчымасць працаваць, была рэвізаваная маёмасць. Гэта была рэпрэсіўная палітыка савецкай улады», – лічыць гісторык Ігар Кузняцоў.

Якая мэта выбару такой даты як дня адзінства?

«Мэта абсалютна ідэалагічная: вярнуцца зноў да савецкага часу, як да светлага нашага мінулага. Мы даможамся не Дня адзінства, а дня процідзеяння, таму што значная частка грамадства не прымае гэтай даты з гледзішча юрыдычнага. І наогул які Дзень адзінства, калі адны былі ў лагеры, іншых расстралялі, а трэція… як той казаў… Змянілася польская акупацыя на савецкую», – кажа Ігар Кузняцоў.

А якія магчымыя захады дзеля абʼяднання грамадства бачаць самі грамадзяне, запыталі ў віцебскіх мінакоў.

«Памяркоўнасць адно да аднаго – самае галоўнае. Каб не было ніякай нянавісці, не трэба ўпірацца ў нацыянальнасці. Нацыянальнасцяў у нас шмат, моваў таксама шмат, трэба проста разам працаваць і нешта рабіць».

«Я не думаю, што нашая ўлада распачне нешта канкрэтна для народу. Як па мне, яна прымае такія меры, якія зручнейшыя ёй, а не для народу».

«Трэба канкрэтна рабіць для кожнага чалавека – браць асобу і нешта для яе рабіць. Вось якія ў яго праблемы? Садок, школа, дарогі».

Колькі будзе доўжыцца галасаванне для абрання даты новага дзяржаўнага свята і калі з’явяцца вынікі – невядома.

Алена Дубовік, Белсат