Украіна рыхтуецца да нападу Расеі і Беларусі


У Беларусь працягваюць прыбываць расейскія вайскоўцы і бронетэхніка – нібыта ў межах вучэнняў, якія мусяць пачацца толькі 10-га лютага. А ва Украіне рыхтуюцца адбіваць атаку не толькі з расейскага, але і з беларускага кірунку.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Вярхоўная рада Украіны звярнулася да Арганізацыі аб«яднаных нацыяў, Еўрапарламенту і да ўрадаў і парламентаў краінаў свету па дапамогу супраць ваеннага шантажу Расеі. У звароце, падтрыманым народнымі дэпутатамі, Рада падкрэслівае, што агрэсіўныя геапалітычныя амбіцыі Расейскай Федэрацыі нічым не апраўданыя, і спроба Масквы задаволіць свае імперскія апетыты на постсавецкай прасторы сталі сапраўднай пагрозай мірнаму развіццю ды незалежнасці Украіны і іншых дзяржаваў былога СССР.

Вось што кажуць жыхары Харкава:

«У нас сабраныя трывожныя валізы, усе дакументы, усе карты і грошы ў адным месцы, каб у выпадку чаго ўзяць і сесці ў машыну».

«Вядома, любы чалавек не будзе адчуваць сябе добра, калі на межах ягонай краіны збіраюцца войскі. Так, мы занепакоеныя, але ведаем, што з 2014 года Украіна будавала армію, і мы на яе спадзяемся».

Расея сабрала на мяжы з Украінай ды ў анексаваным Крыме больш чым 100-тысячную ўдарную групоўку. Афіцыйная Масква адмаўляе, што плануе ваенную агрэсію, але папярэджвае, што калі блок NATO не выканае яе патрабаванняў, ва Украіне пачнецца грамадзянская вайна.

У сувязі з пагрозамі Злучаныя Штаты гатовыя скіраваць у дзяржавы Балтыі і Ўсходняй Еўропы дадаткова некалькі тысячаў вайскоўцаў. Таксама ЗША адпраўляюць ва Украіну вайсковыя грузы.

«Прэзідэнт, я ды іншыя чальцы нашай адміністрацыі правялі актыўныя дыскусіі з нашымі саюзнікамі і партнёрамі па ўсім свеце, перадусім у Еўропе. Мы даўно і паслядоўна ясна кажам, што паважаем тэрытарыяльную цэласнасць і суверэнітэт Украіны, і чакаем ад Расеі таго самага. А любыя агрэсіўныя дзеянні Уладзіміра Пуціна будуць мець цяжкія наступствы. Мы гатовыя на рашучыя дзеянні, калі ён агрэсіўна рушыць ва Украіну», – заявіла віцэ-прэзідэнт ЗША Камала Гэрыс.

Чэхія не выключае, што скіруе сваіх вайскоўцаў непасрэдна ва Украіну, калі будзе афіцыйны запыт Кіева. Цяпер Прага плануе паставіць ва Украіну боепрыпасы да артылерыі. Латвія і Літва перададуць украінскім войскам ПЗРК «Стынгер» амерыканскай вытворчасці – як сродак абароны ад наступальнай авіяцыі на малых вышынях. Вялікая Брытанія, якая паставіла Кіеву супрацьтанкавыя гранатамёты, пакуль не разглядае адпраўку вайскоўцаў непасрэдна ва Украіну, але гатовая рэагаваць у выпадку пачатку маштабнага наступу расейскіх войскаў.

«Брытанская армія ўзначальвае баявую групу NATO у Эстоніі, і калі Расея ўварвецца ва Украіну, мы разлічваем зрабіць свой унёсак у любое новае разгортванне сілаў NATO, каб абараніць нашых саюзнікаў у Еўропе. Але калі прэзідэнт Пуцін абярэ шлях кровапраліцця і разбурэння, ён мусіць разумець, што гэта будзе і трагічна, і марна для яго», – заявіў у брытанскім парламенце прэм’ер-міністр Борыс Джонсан.

Расейскія войскі прыбываюць і на тэрыторыю Беларусі. Чарговы эшалон з вайскоўцамі і бронетэхнікай разгрузіўся пад Баранавічамі. У складзе расейскіх войскаў на нашай тэрыторыі – самаходныя гаўбіцы, сістэмы паветранай абароны С-400, дывізіён комплексаў «Панцыр-С», знішчальнікі Су-35, танкі. Лік бронетэхнікі ідзе на сотні.

Афіцыйна гэта праверка сілаў рэагавання так званай Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі, якая скончыцца маштабнымі вучэннямі «Саюзная рашучасць» з 10 па 20 лютага. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што вучэнні супалі з узмацненнем межаў з Украінай, бо адтуль нібыта ідзе плынь кантрабанды зброі і боепрыпасаў. І ўзгадаў Вялікую Айчынную вайну.

«Гэта дэманстрацыя нашай сілы. Яны мусяць бачыць, што мы не адны і мы будзем абараняцца, калі нам гэта трэба… Не думайце, што мы нагнятаем абстаноўку, што нам патрэбная гэтая вайна. Не патрэбная яна нам», – пераконваў навукоўцаў Аляксандр Лукашэнка падчас выступу ў Нацыянальнай акадэміі навук.

Сёння ж старшыня Памежнага камітэту Анатоль Лапо паведаміў, што загадаў падначаленым страляць без папярэджання, бо нібыта польскія сілавікі плануюць захоп беларускага памежніка.

Яраслаў Сцешык, «Белсат».