Падзенне расейскага рубля цягне ўніз беларускі. Чым пагражае нестабільнасць рынка краіны-суседкі?


Расейскі фондавы рынак нестабільны. Рубель прасеў у адносінах да долара і можа дасягнуць 79,5 рублёў за адзінку – максімальнага значэння з лістапада 2020 года.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Значэнне фондавага рынку для грамадзянаў Расеі вельмі нізкае. Таму я б не звяртаў увагі на індэкс РТС. Глядзець трэба хутчэй за іншым, сапраўды глядзець за курсам долара. Бо калі расце курс долара ў дачыненні да рубля, рубель падае, то гэта выліваецца ў павышэнні коштаў на практычна ўсе тавары і той самы рост інфляцыі», – падкрэслівае расейскі фінансіст Арцём Тарчынскі.

Падзенне расейскае валюты пачалося яшчэ да навагодніх святаў, калі ў канцы снежня Расея пачала нарошчваць ваенныя сілы ля межаў з Украінаю. Працягнулася тэндэнцыя пасля ўвядзення войскаў АДКБ у Казахстан. На невялікае змяншэнне кошту долара паўплывалі перамовы рады Расея – NATO. Але ў выніку яны скончыліся няўдачаю.

«Мы даем выразны пасыл Расеі: калі яна яшчэ раз вырашыць ужыць сілу супраць Украіны, гэта будзе мець цяжкія наступствы», – зазначыў пасля сустрэчы Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг.

«Калі NATO хоча дыктаваць нам, як і куды перамяшчаць узброеныя сілы на расейскай тэрыторыі, наўрад ці гэта магчыма», – адказаў на заявы ваенна-палітычнага блоку прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў.

Пагроза ўзброенага расейска-ўкраінскага канфлікту працягвае цягнуць рубель уніз. Але ці будзе гэты працэс трывалым?

«Ці будзе вайна? Я вельмі спадзяюся, што не. І рынак найхутчэй думае, што не. Калі б зноў жа большасць інвестараў былі ўпэўненыя, што вайна непазбежна, курс быў бы не 79, а бліжэй да сотні», – зазначае Арцём Тарчынскі.

Для нашай краіны Расея – галоўны гандлёвы партнёр: каля 50-ці адсоткаў замежнага гандлю прыпадае менавіта на яе. Залежнасць эканомікі ад краіны-суседкі адгукнулася на валютнай сітуацыі нашай краіны.

«У нас уведзены валютны кошык з трох валютаў, у якой расейская валюта займае роўна 50 %. Вядома, калі будзе падаць расейскі рубель, на палову ён будзе цягнуць за сабой і беларускі. Таму мы бачым падзенне расейскага рубля з аднаго боку і рост еўра і долара», – кажа эканаміст Аляксей Харкевіч.

Як будзе разгортвацца эканамічная сітуацыя, адмысловец робіць асцярожныя прагнозы. Пры станоўчым сцэнары адбудзецца адкат курсу расейскага рубля, што прывядзе да змяншэння курсу долара і еўра ў Беларусі. У найгоршым выпадку…

«Трэба разумець, прымаць да ўвагі, што, верагодна, канвертаваць у валюту пасля наступлення ваенных падзеяў магчымасці ўжо не будзе. Тым больш Нацбанк да гэтага падрыхтаваўся. Ёсць адпаведныя змяненні і ўказ прэзідэнта падпісаны, пастанова Нацбанку пра тое, што ў выпадку пагрозы нацыянальнай бяспецы ў нас спыняецца правядзенне валютна-абменных аперацыяў», – заўважае эканаміст.

На думку ж расейскага фінансіста, паскарэнне інфляцыі ў Расеі, вядома, адаб’ецца на Беларусі, але большую шкоду эканоміцы нанясе адток моладзі і кваліфікаваных спецыялістаў праз рэпрэсіі.

Марыля Дакуцька, «Белсат»