Навошта Лукашэнку рэферэндумы?


Старшыня ЦВК змяніўся, традыцыі засталіся. Камісія арганізуе датэрміновае галасаванне «за» ці «супраць» зменаў у Канстытуцыю для гэтак званага рэферэндуму. Збіраць галасы пачнуць у аўторак, 22-га лютага. Гэта будзе ўжо чацвёрты ў сучаснай Беларусі і чацвёрты нелегітымны рэферэндум, які ініцыюе Аляксандр Лукашэнка.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

На пачатку 90-ых дэпутат Вярхоўнага Савету Аляксандр Лукашэнка выступаў супраць абвешчання незалежнасці Беларусі і за аднаўленне Савецкага Саюзу. Пад час сваёй выбарчай кампаніі абяцаў надаць расейскай мове статус дзяржаўнай.

Так і сталася, праз першы ініцыяваны ім у 1995-ым годзе Рэферэндум.

«Вось уявіце сабе, што дэпутатаў парламенту збіваюць і прымушаюць астатніх дэпутатаў прызначаць нейкую акцыю – у гэтым выпадку рэферэндум. Любы Канстытуцыйны суд у цывілізаванай дзяржаве прызнае гэта апрыёры нелегітымным», – кажа дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га склікання Сяргей Навумчык.

Дэпутаты галадавалі ў будынку Вярхоўнага Савету, бо не маглі пагадзіцца з трыма пытаннямі: пра дзяржаўнасць беларускай мовы, замены на сённяшнія – дзяржаўных сімвалаў Беларусі і… наданне прэзідэнту права распускаць Вярхоўны Савет. Было і чацвёртае пытанне «падтрымання эканамічнай інтэграцыі з Расеяй». Акурат у гэтым пытанні супярэчнасцяў было найменш.

«Калі б апанентам Лукашэнкі (як таго патрабаваў Закон аб рэферэндуме) далі выказацца праз сродкі масавай інфармацыі, свабодна і без цэнзуры пра змест гэтых пытанняў, я абсалютна перакананы, што вынік рэферэндуму пры справядлівым падліку галасоў быў бы абсалютна іншы», – лічыць Сяргей Навумчык.

Першы прэзідэнт Беларусі яшчэ карыстаўся падтрыманнем насельніцтва, як заяўлены барацьбіт з карупцыяй… Але паўтара дзясяткі ягоных указаў былі адмененыя Канстытуцыйным судом. Распараджэнням выконваць іх – дэпутаты не падпарадкоўваліся. Ідэя атрымаць абсалютную ўладу – трапіла на другі рэферэндум – 1996-га году.

«І гэты рэферэндум быў сфальсіфікаваны. Бо, напрыклад, я не магу сабе ўявіць, каб людзі галасавалі «Супраць» таго, што ўсе бюджэтныя выдаткі маюць быць празрыстымі і адкрытымі. Ці каб людзі былі «Супраць» самым абіраць кіраўнікоў мясцовай улады», – аналізуе вынікі галасавання дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га склікання Аляксандр Дабравольскі.

У 1996 годзе Лукашэнка правёў рэферэндум, у выніку якога Беларусь з парламенцкай пераўтварылася ў прэзідэнцкую рэспубліку.
Фота: 25.by

Праз непрызнаны дэмакратычным светам рэферэндум 96-га года Лукашэнка пашырыў свае паўнамоцтвы, перанёс Дзень Незалежнасці на 3 ліпеня, захаваў смяротнае пакаранне, як вышэйшую кару, і стаз самастойна будаваць сваю вертыкаль. У 96-ым годзе Лукашэнка распусціў Вярхоўны Савет, а ўсе наступныя выбары краіны былі фальсіфікаванымі.

Тады намеснік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Саннікаў тады пакінуў пасаду. Перад трэцім рэферэндумам, які спалучылі з парламенцкімі выбарамі, агітаваў за байкот.

«Відавочна, што гэты нелегітымны рэферэндум (бо ён такі нахабны быў) складана было б праводзіць асобна. І таму з машынаю фальсіфікацыяў парламенцкіх выбараў яго і звязалі», – кажа Андрэй Саннікаў.

Згодна з артыкулам 112 Выбарчага Кодэксу «на рэспубліканскі рэферэндум не могуць выносіцца пытанні:…звязаныя з абраннем і вызваленнем з пасады Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь…» Але Лукашэнка ўнёс у бюлетэнь менавіта такое пытанне.

Чарговыя змены ў Канстытуцыю, згодна са сваімі патрэбамі, Лукашэнка хоча ўнесці праз месяц. Прыходзіць на ўчасткі і рабіць бюлетэні несапраўднымі раіць частка дэмакратычнай апазіцыі. Ігнараваць і не ўдзельнічаць – усцяж заклікае Андрэй Саннікаў, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь»:

«Я катэгарычна супраць, тым больш гэта небяспечна для людзей. А ўвогуле, сёння гэта не з’яўляецца фактарам палітычнага жыцця Беларусі. Фактарам зʼяўляецца прысутнасць такой колькасці расейскіх войскаў, якія рыхтуюцца напасці на Украіну».

Праз амаль два гады рэпрэсіяў супраць свайго народу і задушэння ўсіх дэмакратычных правоў і свабодаў, кіраўнік адміністратыўна-сілавога рэжыму рыхтуе так званы рэферэндум пад брацанне крамлёўскай збоі.

Юлія Цяльпук, «Белсат»