245 рублёў штрафу – за налепкі на вопратцы


245 рублёў штрафу – такі рахунак выставіла дзяржава Таццяне Фесікавай: напярэдадні жанчына клеіла налепкі «Не заводу» на вопратку людзям, якія сабраліся на плошчы Леніна, каб выказаць пратэст супраць заводу «Ай-Пауэр». Праз суд прайшлі і іншыя праціўнікі шкоднай вытворчасці – Андрэй Астапчук, які ад учора заставаўся ў ізалятары часовага ўтрымання ды які быў пакараны такім жа штрафам, а таксама Юлія Зубік. Кабета кажа:

«У маёй справе суд рашэнне не вынес, бо я паскардзілася на ўчастковага Рабушка. Ён схіляў мяне да дачы паказанняў шляхам запалохвання, пагражаў, што пакіне мяне ў ІЧУ да наступнага дня, да суда».

Напярэдадні праваахоўнікі жорстка затрымалі ўдзельнікаў акцыі супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу. Як мінімум пяць асобаў трапілі ў Ленінскі РАУС, на некаторых з іх склалі адміністратыўныя пратаколы. Праваабаронца Раман Кісляк сведчыць:

«Суд праходзіць такім чынам, каб грамадзяне, якія прыйшлі паслухаць гэткае судовае паседжанне, не маглі гэтага зрабіць, паколькі сведкі – працаўнікі міліцыі – вельмі ціха прамаўляюць. А калі грамадзяне, у тым ліку я, прасілі казаць гучней, то суддзя проста выдаляе з залы судовага паседжання».

Пратэсты супраць будаўніцтва заводу «Ай-Пауэр» працягваюцца з лютага. Жыхары Берасця і навакольных вёсак лічаць, што прадпрыемства пагражае іхнаму здароўю: каб адмяніць ягонае будаўніцтва, сабралі амаль 37 тысяч подпісаў, якія перадалі ў Адміністрацыю прэзідэнта, але адмысловая камісія не выявіла парушэнняў у рэалізацыі гэтага праекту.

Віталь Бабін, belsat.eu