Як Беларусы сустракаюць святы

Сёння Вігілія – пярэдадзень Божага Нараджэння ў хрысціянаў, якія святкуюць Каляды паводле грыгарыянскага календара. Назва ўзнікла ад лацінскага «віґіліяa» (vigilia), што азначае «трыванне». Гэта свята сямейнае, вельмі душэўнае. Час чакання цудаў і стварэння цудаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Мікалай Мамінаў быў вымушаны з’ехаць з Беларусі праз палітычны пераслед пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў. І другія Каляды ён сустракае не на радзіме.

«Так атрымалася, што я з’ехаў яшчэ да мінулага Новага году і Божага Нараджэння, і першыя Каляды ў мяне былі ва Украіне. А гэта, атрымліваецца. – другія. Але яны – больш грандыёзныя, ахутаныя казкаю. Таму што ўсё ж Літва, Вільня – яна мяне заўсёды ў гэтым плане натхняла».

Свята Божага нараджэння, якое сустракаюць у коле самых блізкіх людзей, сям’я Мікалай правядзе разам з сябрамі. Рыхтуюць пачастунак. Традыцыйна на стале, за які сядаюць пасля вечаровай службы, мае быць 12 (паводле ліку апосталаў) страваў: з рыбы, капусты, грыбоў, а таксама мёд, мак, хлеб, яблыкі, арэхі ды абавязкова – куцця. Але, вядома ж, на кожнай кухні – свае рэцэпты.

«Мы купілі вялікую індычку, будзем гатаваць яе цалкам, і гэта будзе традыцыйная кухня. Ну, а ўвогуле – класіка: салата “Аліўе”, розныя напоі, закускі, бульба… Нейкіх супер-асаблівасцяў няма, але яны – больш казачныя за Новы год. Мы ўпрыгожваем усё гірляндамі, ставім елку… неяк так»

Асаблівую атмасферу свята надаюць калядкі. Ансамбль «Без межаў» беларусы стварылі ў Варшаве ў верасні. І ў такое свята без музыкі аніяк, тым больш, калі ёсць напрацаваныя адмыслова да яго творы. Таму кіраўніца гэтага жаночага гурта Таццяна Галуза ахвотна пагадзілася паўдзельнічаць разам з калектывам у калядках і сёлета.

«Раство Хрыстова – гэта радасць, а радасць – гэта заўсёды спевы. Мы выражаем нашую радасць праз спяванне традыцыйных гімнаў і калядак, і гэта нас абʼядноўвае»

Удзельніцы хору ўпершыню святкуюць Каляды не ўдома, намагаюцца падтрымліваць адна адну. А Марыя Вайтовіч яшчэ і добрая гаспадыня.

«Мы ўсе разам спяваем нашыя калядныя традыцыйныя спевы, стравы гатуем у Вігілію, і ў наступныя дні. Мы дзелімся падарункамі, пажаданнямі, узгадваем былое, верым у лепшае, у цуд, які адбудзецца».

Вігілія і Божае нараджэнне – гэта яшчэ і нагода пераглядзець лад свайго жыцця і запланаваць добрыя справы на год наступны. Пра гэта нагадваюць біскуп Аляксандр Кашкевіч ды архімандрыт Беларускай Грэка-уніяцкай царквы Сяргей Гаек.

«Няхай гэта будзе час адзінства, любові, надзеі і дабрыні ў кожнай сямʼі, і ў нашым грамадстве і ў нашай краіне».

«Хай Божае Нараджэнне, хай наш кантакт з Божым словам, удзел у богаслужэннях будзе для нас сапраўды глыбокім вопытам надзеі, любові, веры. Усіх вас віншую з гэтымі святамі, Хрыстос нарадзіўся – славім Яго!»

Нямала беларусаў мусяць сустракаць сённяшняе свята і ў няволі, і па-за радзімаю, але надзея на лепшае і перамогу жыве ў кожным сэрцы.

Марына Яновіч, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама