Рэпрэсіі працягваюцца і ў святочныя дні


У калядны вечар, здавалася б, выпадае гаварыць пра святочнае, добрае, светлае. Аднак беларускія рэаліі, на жаль, дыктуюць уласную і далёкую ад святочнай павестку. Сённяшні дзень не стаўся выняткам для рэпрэсіяў уладаў супраць мірных грамадзянаў, з’яўлення новых палітвязняў і здзекаў над тымі, хто ўжо знаходзіцца за кратамі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Яшчэ адзін журналіст-палітвязень з’явіўся ў Беларусі ў калядны дзень. Журналіста радыё «Свабода» Алега Груздзіловіча, затрыманага напярэдадні, пакінулі за кратамі. Пры гэтым следчы Коласаў праз тэлефон патлумачыў адвакатцы журналіста, што ніякіх следчых дзеянняў не будзе, сам ён ідзе ў адпачынак, а справу перадасць камусьці іншаму. Ну што ж, кожны адзначае свята Божага Нараджэння на ўласны капыл, сумна жартуе дырэктар беларускай службы Аляксандр Лукашук. І тлумачыць: людзьмі, якія чыняць расправы над суграмадзянамі, кіруе… страх.

«Перад рэферэндумам чамусьці страшна. Памяць пра 2020-ы год настолькі некаторых дзеячаў у Менску бянтэжыць, што перад 22 лютага вырашана не пакінуць ужо нічога жывога», – кажа Аляксандр Лукашук.

А гарадзенскага журналіста Дзяніса Івашына, які за кратамі застаецца ўжо 287 дзён і з якім таксама аніякіх следчых дзеянняў не ладзіцца, зноўку змясцілі ў карцар. У жонкі Дзяніса Вольгі сёння не прынялі перадачы з вігілійнымі аплаткамі.

«Пакуль дакладна не вядомы тэрмін прызначанага «пакарання» і нават час змяшчэння Дзяніса туды, але можна меркаваць, што “падарунак” падрыхтаваны на ўвесь святочны час, іначай што ж гэта за “падарунак” тады будзе?», – напісала Вольга Івашына ў Фэйсбуку.

Павел Белавус учора меўся выйсці на волю пасля чарговага арышту – за татуіроўку з нацыянальным сцягам. Сёння ж стала вядома, што на заснавальніка Symbal.by завялі крымінальную справу за арганізацыю і актыўны ўдзел у масавых беспарадках. Паўла перавялі ў следчы ізалятар.

Год калоніі за ўдзел у акцыі пратэсту, якая адбылася летась у верасні, атрымаў палітвязень Арцём Табакар. Адзінымі матэрыяламі ў справе былі фота і відэа, на якіх Арцём стаяў у счэпцы. Таксама за счэпку, але ўжо тры гады гэтак званай «хіміі» і штраф 22 тысячы рублёў атрымала сёння студэнтка БДУ Злата Януковіч.

«Улады і не хаваюць сваіх намераў і робяць гэтыя рэпрэсіі гэткімі менавіта для таго, каб гэта было зразумела ўсім. Каб усім было зразумела, што змаганне з цяперашняй сітуацыяй і з парушэннямі правоў чалавека бессэнсоўнае, што кожная праява свабода, іншадумства, свабода сходаў будуць жорстка спыненыя», – кажа праваабаронца і юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павел Сапелка.

Таксама стала вядома, што арыштаваны на 25 содняў за белыя і чырвоную палосы на сценах хаты Анатоль Каханчык, які трымаў за кратамі сухую галадоўку, трапіў у шпіталь. Значна пагоршылася ў зняволенні і здароўе Анджэлікі Борыс, кіраўніцы зліквідаванага ўладамі Саюзу палякаў у Беларусі. Ані з ёю, ані з яшчэ адным актывістам польскай меншасці, журналістам Анджэем Пачобутам, якія застаюцца за кратамі ўжо дзевяць месяцаў, у блізкіх і адвакатаў аніякай сувязі няма. Напярэдадні ў Беластоку адбылася акцыя салідарнасці з палітвязнямі.

«Гэта вельмі важна, падтрымаць не толькі Анджэліку Борыс і Анджэя Пачобута, лідараў Саюзу палякаў у Беларусі, але і ўсіх каталікоў, што там сядзяць», – падкрэсліў адзін з удзельнікаў акцыі салідарнасці Мечыслаў Навагродскі.

Бязлітасным застаецца рэжым Лукашэнкі і да іншых зняволеных. Вярхоўны Суд пакінуў у сіле выракі прадстаўнікам штабу Віктара Бабарыкі Марыі Калеснікавай і Маскіму Знаку, асуджаным да 11-ці і 10-ці гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму адпаведна.

Валера Руселік, «Белсат»